
Усе ўжо ўбачылi, што прыйшоў адзiн з тых легендарных персанажаў, пра сустрэчу з якiм яны ўпотай марылi. Крык "Святы" раптоўна раздзьмуў агонь, i ў iх адразу ўзнiкла прадчуванне цуду; незнаёмы быў Месiя, якога Ўсявышнi паслаў да iх, каб ператварыць iх пекла ў царства любовi. Аднак яны не наважвалiся наблiзiцца да яго. Здавалася, што незнаёмы выклiкаў у iх страх цi, можа, боязь расчаравання. Калi ён запаволiў хаду, нейкая старая з адвiслымi шчокамi, смялейшая за iншых, падышла крыху блiжай да дарогi i апынулася зусiм блiзка ад яго. Чужынец спынiўся, падышоў да яе i, пакуль астатнiя стаiўшы дыханне сачылi за iм, абняў i пацалаваў яе. Пасля гэтага ён пайшоў далей, а навокал пачуўся збянтэжаны гоман, у якiм адчувалася ўзрушанасць, што ахапiла лепразорый.
- Бачылi? - усклiкнуў надзвычай здзiўлены абат.
- Бачу. Здаецца, умельства здабываць месца ў царстве нябесным яшчэ не згiнула.
Пракажоныя рабiлiся ўсё смялейшыя, i незнаёмы iшоў па жывым калiдоры, а энтузiязм няшчасных гатовы быў абярнуцца фанатычным захапленнем. Калi ён падышоў да акна, сотнi знявечаных вуснаў паўтаралi крык брата Роза: "Святы, святы!" - i з усiх бакоў да яго цягнулiся рукi.
- Мiр табе, чужынец, - сказаў абат. - Мы ўсе, ты бачыш гэта, вельмi ўзрушаныя тымi знакамi тваёй прыязнасцi да нас, што ты выказваў, але цi добра ты разумееш, якой жахлiвай небяспецы сябе аддаеш?
- Я не баюся праказы.
Прыцiхлы натоўп быў, як i брат Роз, уражаны гэтым нiзкiм глухiм голасам, якi гучаў так дзiўна, бясспрэчна, таму, што чужынец гаварыў сцяўшы зубы. Збянтэжаны гэтым голасам i ўзрушаны высакароднасцю адказу, абат збег па драўляных сходах, рэзка адчынiў дзверы i апынуўся перад незнаёмым. Той упаў перад iм нiц, потым схапiў ягоныя рукi i асыпаў iх пацалункамi.
