
- Устань, брат мой, - вымавiў абат, спрабуючы вызвалiцца. - Я бласлаўляю пачуццё, якое цябе натхняе. Мне проста вельмi хацелася наблiзiцца да цябе, але гэта мая слабасць. Паглядзi на мяне лепей. Паглядзi на няшчасных, якiя стаяць вакол цябе, i падумай, якую цану ты рызыкуеш заплацiць за праяўленне тваiх высокiх пачуццяў.
Незнаёмы з хвiлiну ўглядаўся ў iльвiныя рысы абата, яго расплылы на ўвесь твар нос, потым павольна агледзеў пракажоных, якiя паўколам абступiлi яго. За выключэннем малых дзяцей тут цяжка было знайсцi сапраўды чалавечы твар. Узрушанасць, як часта казаў лекар, робiць гэтых гратэскных iстот пачварнымi. Але словы, прадыктаваныя абату абавязкам, насуперак яго ўласным памкненням, выклiкалi ў пракажоных трывогу i гнеў. Натоўп iнстынктыўна паўстаў супраць перашкод, якiя ставiлiся перад святым у выкананнi яго мiсii. Пракажоныя, з iх аголенымi хваробай нервамi, не цярпелi, калi нешта рабiлася iм насуперак, i роспач ператварыла натоўп у жудасную зграю, у якой напоўнiцу праявiлiся характары жывёлiн, аблiчча якiх насiлi з ласкi Яе Вялiкасцi Праказы ўсе яе падданыя: горыч "iльвоў" вылiлася ў мармытанне, якое нагадвала прыглушаны рык, свiнападобныя, выцягнуўшы насы, рохкалi, нiбы дзiкi. "Сабакi" ашчэрылi зубы i пагрозлiва гыркалi. Здавалася, усе былi гатовыя кiнуцца на абата, каб разадраць яго.
Аднак незнаёмага гэта вiдовiшча не ўразiла. Ён зноў зiрнуў на абата i запытаўся тым самым глухiм голасам:
- Хiба ўсе людзi не браты?
- Бясспрэчна, хоць сёння шмат хто забыўся пра гэта.
- Шмат хто забыўся, гэта праўда, - як рэха, паўтарыў незнаёмы.
Жан Маяр, якi ўважлiва сачыў за iм, адзначыў горыч, з якой былi сказаны гэтыя словы. Зрэшты, гэта яго не здзiвiла, бо, паводле яго фiласофii, гэтае пачуццё не пярэчыла святасцi.
