Вiлы, якiмi хто-нiхто размахваў у натоўпе, былi непатрэбныя. Каля крыжа ён спыняўся i пачынаў махаць сваёй яшчэ новай, блiскучай на сонцы ляскоткай, а iншыя, стоячы воддаль, пачыналi прарэзлiва крычаць. Абат месiр Тама д'Арфёй, пачуўшы гэты лямант, уздыхаў, выходзiў за агароджу i iшоў насустрач. Часам з iм быў брат Роз, бо сяляне не цярпелi, калi збiралася шмат пракажоных. Кюрэ здалёк выкрыкваў iмя новага прыбыльца i афiцыйна сведчыў, што гэты чалавек быў зажыва адпеты, потым коратка пераказваў навiны, i на гэтым усё канчалася, працэсiя хуценька паварочвала назад. Выгнаннiк разам з абатам павольна ўступалi ў каралеўства праказы.

Гэтае каралеўства было мiнiяцюрнай копiяй знешняга свету, са сваёй iерархiяй i сацыяльнай няроўнасцю. Абат напачатку спрабаваў быў паламаць бар'еры, якiя ўвесь час паўставалi мiж рознымi групамi пракажоных, але ўжо даўно зразумеў марнасць сваiх намаганняў. Мэтр Жан Маяр, фiлосаф i адмысловы лекар, штодня знаходзiў выдатныя довады, каб пераканаць яго, што такi парадак неабходны для iснавання любога грамадства, нават калi яно складаецца з адных пракажоных.

Касты выдзяляла сама праказа, бясконца разнастайная паводле сваёй прыроды i свайго разбуральнага ўздзеяння на чалавечы арганiзм. Тыя, каго яна толькi ледзь закранула, чый твар быў толькi дэфармаваны, але не раз'едзены, чыё цела не пакрылася агiднымi язвамi, утваралi арыстакратыю i жылi пры манастыры ў гэтак званым малым лепразорыi. Яны раўнiва аберагалi свае прывiлеi i глядзелi на iншых хворых як на нячыстых iстот. Астатнiя жылi ў халупах, за мурамi манастыра. Iхнiя паселiшчы ўсе разам утваралi вялiкi лепразорый. Яны сялiлiся на схiлах гары тым вышэй, чым агiднейшыя былi ў iх праявы хваробы. Падобная да цукровай галавы ў выглядзе конуса гара была падзелена на зоны, што апярэзвалi яе. Зоны гэтыя звужалiся з наблiжэннем да вяршынi i давалi прытулак пракажоным з усё больш жахлiвым выглядам. Апошнюю зону часам называлi верхнiм лепразорыем, што было сiнонiмам праклятага месца. Урэшце, на самай вяршынi жыў мурын з Афрыкi, абiсiнец, якога прывезлi з апошняга крыжовага паходу рыцары i кiнулi, калi агледзелi ў яго праказу.



4 из 38