Мэтр Жан Маяр, якi ў свой час вучыўся ў Салерна i прачытаў там славуты твор Дантэ, часам параўноўваў Гару Хворых з Пеклам фларэнтыйскага паэта, якое дасцiпны дэман перавярнуў так, што заднiца апынулася вышэй за галаву i вастрыё конуса калола неба.

Жыхары малога лепразорыя - гэтая элiта - дзялiлiся на некалькi iзаляваных адзiн ад аднаго класаў: iльвападобныя, сабакападобныя, быкападобныя, свiнападобныя, пракажоныя з тварамi сатыраў i розныя iншыя. Яе вялiкасць Праказа забаўлялася, з незвычайнай шчодрасцю надаючы знешнасцi сваiх падданых самыя фантастычныя рысы. Уся гэтая арыстакратыя жыла ў манастырскiм пасёлку i пакiдала яго толькi, каб пайсцi здалёк паназiраць за работай на палетках, дзе працавалi пракажоныя з вялiкага лепразорыя, з нiжняй яго зоны, а гэта значыла, што iхняя знешнасць была ўжо занадта агiднай. Апрача лекара, брата Роза i часам абата, нiхто з тых, хто жыў у сценах манастыра, не разыкаваў падняцца ў верхнюю зону.

Зрэшты, вельмi рэдка пракажоныя з любой зоны падымалiся ў вышэйшую, дзе лютавала праказа, мярзотнейшая за тую, ад якой пакутавалi яны самi. Яшчэ радзей бывала наадварот. Калi ж гэта выпадкова здаралася, то госць трымаўся з мясцовымi жыхарамi правiлаў, абавязковых для ўсiх пракажоных за межамi лепразорыя; гэта значыць, ён здалёк павiнен быў даваць аб сабе знаць i не наблiжацца да людзей. Тады мясцовыя жыхары паказвалi на яго пальцамi i адступалiся ўбок, затыкаючы насы, каб паказаць сваю агiду, такую самую, якую пры выпадку выказвалi да iх пракажоныя ў лепшым стане.

Аднак адрынутыя з верхняга лепразорыя былi пазбаўленыя мажлiвасцi выхваляцца перавагай сваёй формы хваробы, бо амаль нiколi не сустракалi больш знядоленага чалавека, чым самi, i таму ўвесь час пакутавалi маральна не менш жорстка, чым фiзiчна. Сваю пагарду i адносную перавагу яны маглi паказваць толькi да мурына, якi жыў на вяршынi конуса, калi той выбiраўся са свайго берлагу, што здаралася выключна рэдка. Але калi ён адважваўся на гэта, дык апранаў поўны ўбор пракажонага i без перапынку махаў ляскоткай. Тады ўся Гара Хворых трымцела ад жудасцi.



5 из 38