
Сам лекар з азызлым, але насмешлiвым носам, такiмi ж распухлымi губамi, у якiх, аднак, праглядвалася не пыха, а глыбокая пачуццёвасць, быў, бадай, пракажоны-сатыр. Ён са сцiплай усмешкай пагаджаўся з гэтым, часам сцвярджаючы, што тое, як праказа змяняе твар чалавека, пэўным чынам залежыць ад характару. Ён прыводзiў шмат прыкладаў у падтрымку гэтага тэзiса, у прыватнасцi, выпадак брата Роза, чые вернасць i адданасць не выклiкалi сумненняў i чыя галава, бясспрэчна, нагадвала галаву вялiкага сабакi.
Мэтр Жан Маяр у маладосцi шмат вандраваў, жыў бурлiвым жыццём шкаляра ў Францыi i Iталii, заўзята вывучаў медыцыну i фiласофiю i спазнаў нямала лёгкiх жыццёвых радасцей. Ён меў за абавязковае правiла не наракаць на лёс, i падобна было на тое, што ён зусiм не шкадаваў свайго блiскучага мiнулага. У той дзень, калi ён даведаўся, што падхапiў праказу (гэта было дзесяць гадоў таму, калi яму толькi мiнула сорак), ён не стаў пасылаць небу дарэмных праклёнаў. Ён пачаў наглядаць сабе лепразорый з добрым клiматам, бо шукаў месца спачынку. Гара Хворых спадабалася яму, i ён, на вялiкую радасць абату, якi ў яго асобе прыдбаў прыемнага таварыша i ўмелага лекара, прыехаў туды сам, не чакаючы, пакуль яго прымусяць. Яго дэвiзам было: "Праказа забiвае павольна". Ён па-фiласофску суцяшаўся гэтай думкай.
У той вечар Тама д'Арфёй быў не ў гуморы, што з нейкага часу не раз здаралася з iм. Паўздыхаўшы з-за манастыра, якi разбураўся без догляду, ён пасмуткаваў з прычыны жорсткасцi веку i заняпаду хрысцiянскiх дабрачыннасцей.
- Мiласэрнасцi больш няма ў каралеўстве. Нiкому няма клопату да няшчасных. А пракажоным не засталося нiчога, акрамя агiды.
