У мiнулым стагоддзi нiводзiн сеньёр не адважыўся б ставiцца да iх так, як сёння гэта робiць апошнi мужык. У тыя часы заўсёды хапала набожных душ, у якiх можна было знайсцi спагаду. I прыклад падаваўся зверху, я ведаю. Наш святы кароль Луi спачыў якраз незадоўга да майго нараджэння, але калi я быў падлеткам, яшчэ распавядалi, як ён абышоўся з надзвычай страшным пракажоным у Руамонцкiм абацтве. Калi пракажоны з'явiўся там, наш лiтасцiвы кароль сам узяў на сябе клопат пра небараку, якi быў падобны да д'ябла. Ён пацалаваў яго рукi i твар, прыслужваў яму за сталом, выбiраў i сам падносiў да ягонага азызлага рота лепшыя кавалкi. Ён абмыў яму ногi. Цяжка назваць такую агiдную паслугу, якую б ён яму не зрабiў.

- Так наш лiтасцiвы кароль зарабляў сабе вечнае жыццё, - сказаў лекар.

Абат пацiснуў плячыма i працягваў:

- I гэты прыклад меў свой плён. Тады людзi былi больш лiтасцiвыя да няшчасных. Прыклад караля натхняў штодня святыя душы, якiя не баялiся наблiжацца да пракажоных.

- Але, - ухвальна азваўся Жан Маяр, скрывiўшы сваю вялiзную сатыраву губу ў адмысловую грымасу. - Можна нават сказаць, што тады каралеўства кiшэла святымi, як мора рыбай. Не было рыцара, абата, манаха, набожнага буржуа, якi б не iмкнуўся знайсцi досыць страшнага пракажонага, каб, пацалаваўшы яго, адным махам здабыць вечнае збавенне i пры гэтым вызначыцца ў вачах караля. Нiколi, абат, ногi жабракоў не абмывалi лепей, чым тады. Нiколi пракажоных так не шкадавалi i не песцiлi. Я пытаюся ў сябе, цi цанiлi поўнай мерай адны i другiя гэтую дабрачыннасць i, што асаблiва важна, цi адчувалi яны належны гонар ад таго, што накiроўвалi гэтулькi душ у царства божае.

- Смейцеся, пане фiлосаф, - сказаў абат, - але мне страшэнна бракуе мiласэрнасцi, i праз гэта церпiць усё насельнiцтва лепразорыя. Што зробiш! У нашага караля Фiлiпа менш за ўсё балiць галава за пракажоных. Ён займаецца толькi вайною...

- I робiць гэта вельмi кепска, - перабiў лекар, - а яго васалы ваююць яшчэ горш i думаюць толькi, як набiць каўбух. Мяхi з вiном, акаваныя жалезам, няздатныя пабiць ангельцаў нават двое на аднаго... А што да нашых пракажоных, абат, то я лiчу, што яны добра прыстасавалiся да сваёй iзаляцыi.



8 из 38