"Але можна звiхнуць нагу нават у малой шчылiне!" - падумаў Пiркс. Не, гэта нонсенс. Такi робат, як Анэль, можа вытрымаць падзенне нават з саракаметровай вышынi. I не з такога становiшча яны выходзiлi цэлыя, бо матэрыял, з якога яны зроблены, мацнейшы, чым крохкiя чалавечыя косцi. Дык што ж здарылася, лiха яго ведае?

Ён выпрастаўся i з вышынi свайго росту зiрнуў спачатку на Масену, якi дзьмухаў i крывiўся, п'ючы надта гарачую гарбату, пасля перавёў позiрк на Круля, нарэшце, дэманстратыўна адвярнуўшыся, выйшаў у маленькую спальню, дзе занадта рэзка рвануў са сцяны свой складны ложак, чатырма звыклымi рухамi сцягнуў з сябе адзенне i залез у спальны мяшок. Ён ведаў, што яму наўрад цi ўдасца заснуць, але сядзець з таварышамi ўжо не было сiлы. Зрэшты, хто ведае, цi не нагадаў бы ён iм што-кольвечы не надта прыемнае, калi б застаўся разам, бо ранiцай яны мелi ўжо расстацца на борце "Ампера"; з той хвiлiны, як яны ўвойдуць у карабель, аператыўная група Ёты Вадалея спынiць сваё iснаванне.

Яго пачалi адольваць розныя мроi; нейкiя срабрыстыя ручайкi сцякалi з-пад вейкаў, пушыстыя светлячкi хiлiлi на сон, ён перавярнуў падушку на другi, халаднейшы бок - i раптам нiбы на вочы ўбачыў перад сабой Анэля - такога, якiм бачыў яго апошнi раз таго дня, за колькi хвiлiн да васьмi. Масена прыладжваў яму звязку ракетных патронаў, дзякуючы якiм можна было нiбы насуперак гравiтацыi хоць некалькi хвiлiн планiраваць у паветры; мiж iншым, гэта прыстасаванне ўжывалi ўсе, зразумела, у абставiнах, якiя былi прадугледжаны суровымi, але прадбачлiвымi iнструкцыямi. Дзiўная гэта была сцэна, як i заўсёды, калi чалавек нечым дапамагаў робату, бо звычайна бывае наадварот. Аднак Анэль не змог дацягнуцца рукой да кабур, замацаваных пад наладаваным, нiбы горб, рукзаком. Ён нёс груз, дастатковы для двух чалавек. Праўда, гэта не шкодзiла яму, урэшце ж ён быў проста машына, i ў выпадку патрэбы, дзякуючы мiкраскапiчнай стронцыевай батарэi, якая замяняла яму сэрца, мог развiваць магутнасць у шаснаццаць конскiх сiл.



11 из 31