Аднак зараз Пiрксу ў соннай дрымоце ўсё гэта разам узятае, вiдаць, не вельмi спадабалася; ён усёй душой быў на баку маўклiвага Анэля i схiляўся да думкi, што той, як i сам Пiркс, зусiм не такi спакойны па натуры, а толькi прыкiдваецца спакойным, робiць выгляд, што так i трэба. Перад тым як канчаткова заснуць, Пiркс падумаў яшчэ пра што-кольвечы. Гэта былi тыя глыбока iнтымныя мроi, якiм толькi можа ўвогуле аддавацца чалавек, напэўна, таму, што пасля таго, як прачнецца, звычайна пра iх не помнiць, i тое, што заўтра ён не будзе помнiць нiчога, апраўдвае сёння ўсё. Ён уявiў сабе тую казачную, мiфiчную сiтуацыю, якая - ён ведаў гэта даўно не горш за iншых - была цалкам неверагодная: бунт робатаў. I адчуваючы ў глыбiнi душы ўпэўненасць, што тады ён абавязкова аказаўся б на iх баку, хутка заснуў, нiбы з палёгкай на душы.

Прачнуўся ён рана, i невядома чаму першае, аб чым падумаў, было тое, што сцiх вецер. Пасля ўспомнiў Анэля i свае развагi перад сном; яго крыху занепакоiла, як падобнае наогул магло прыйсцi яму ў галаву. Яшчэ колькi хвiлiн ён паляжаў, пакуль не прыйшоў да супакойвальнай высновы, што тыя перадсонныя, невыразныя вобразы наведалi яго не наяве, але - насуперак сну, якi снiцца сам, - вымагалi нязначнай, амаль без удзелу свядомасцi яго дапамогi. Такiя псiхалагiчныя развагi былi яму невядомыя, таму ён дзiвiўся, навошта забiвае iмi галаву, крыху прыўстаў на локцi i прыслухаўся: панавала абсалютная цiшыня. Адсунуў штору на маленькiм акенцы ля галавы. Праз мутнае шкло ўбачыў ранiшнi змрок i толькi тады зразумеў, што давядзецца iсцi ў горы. Саскочыў з ложка, каб зазiрнуць у агульны пакой. Робата не было. Тыя два ўжо ўставалi. За снеданнем Круль мiж iншым, нiбы гэта было вырашана яшчэ ўчора, заўважыў, што яны мусяць выйсцi неадкладна, бо надвячоркам прыбудзе "Ампер", а зборка барака i пакаванне рэчаў зоймуць сама малое паўтары гадзiны, калi не болей. I сказаў аб гэтым знарок такiм тонам, каб не было зразумела, цi то трэба iсцi галоўным чынам з-за недахопу дадзеных, цi то з-за Анэля.



12 из 31