Пiркс пачуў патрэскванне i папiскванне. На паверхнi скалы не было нiякiх адбiткаў, нiякiх слядоў, нiчога - толькi гэты гук, якi аддаваўся ў галаве пранiзлiвым звонам, сведчыў, што Анэль мусiў на самай справе даволi доўга тут таптацца, бо амаль кожны метр паверхнi выдаваў яго прысутнасць. Паступова з бязладдзя гукаў Пiркс здолеў нават выявiць нейкi сэнс - Анэль прыйшоў, вiдаць, па той жа дарозе, што i яны, расставiў трыногу апарата i хадзiў вакол яго, пакуль рабiў замеры i здымкi, пасля некалькi разоў перасоўваў трыногу, шукаючы найбольш удалае для назiранняў месца. Так, малюнак праясняўся. Але што ж адбылося пасля?

Пiркс пачаў абыходзiць гэта месца штораз шырэйшымi кругамi, па спiралi, каб адшукаць след, якi выходзiў з цэнтра, след вяртання, але такога следу не было. Атрымлiвалася, нiбы Анэль вяртаўся дакладна па сваiх жа слядах, што выглядала зусiм непраўдападобна. У яго ж не было адчувальнага да радыяцыi iндыкатара i ён не мог ведаць, дзе ступаў раней, ды яшчэ з дакладнасцю да сантыметра; Круль нешта гаварыў Масене, але Пiркс не зважаў на iх, працягваў кружыць, ажно пакуль не здалося яму, што слухаўка пiскнула адзiн раз, коратка, але выразна. Ён адступаў назад надзвычай асцярожна. Так, гэта было тут. Ён азiрнуўся, расплюшчыў прыжмураныя вочы, каб усю ўвагу аддаць сiгналам iндыкатара. Знойдзены след быў каля сцяны, нiбы робат павярнуў не да лагера, а наадварот, рушыў да каменнага слупа.

Гэта было дзiўна. Што яму там было трэба?

Пiркс шукаў яшчэ хоць бы адзiн след, але скалы маўчалi, i ён мусiў праверыць усе патрэсканыя плiты, згрувашчаныя ля падножжа калон; цяжка было прадбачыць, на якую з iх Анэль паставiў нагу. Нарэшце Пiркс знайшоў след, аддалены ад папярэдняга на пяць метраў; няўжо Анэль скокнуў так далёка? Але навошта? Ён яшчэ адступiў i праз хвiлiну зноў знайшоў згублены след - робат пераскокваў з каменя на камень. Раптам Пiркс, якi плаўна вадзiў прутком па каменнi, здрыгануўся, бо ў яго галаве нiбы гахнуў разрыўны патрон; слухаўкi адазвалiся такiм гукам, што Пiркс аж скрывiўся - было вельмi балюча.



18 из 31