
Ён зiрнуў на каменную плiту i аслупянеў. Заклiнаваны памiж двух камянёў, на дне натуральнага неглыбокага калодзежа ляжаў цэлы, непашкоджаны апарат, а побач фотакамера. На другiм баку плiты да каменя быў прыхiнуты рукзак Анэля - з развязанымi шнуркамi, але спакаваны як мае быць. Пiркс паклiкаў астатнiх. Яны прыбеглi i здзiвiлiся, як i Пiркс, такой знаходцы. Круль праверыў касеты падобна было, што ўсе замеры выкананы. Не трэба было паўтараць работу. Заставалася толькi высветлiць лёс Анэля. Масена прыклаў далонi да рота i некалькi разоў гучна крыкнуў, але толькi далёкае, працяглае рэха адбiлася ад скал. Пiркс нават здрыгануўся, бо гэты крык нагадваў яму сiтуацыю, нiбыта шукалi чалавека, якi заблудзiўся ў гарах. Праз хвiлiну iнтэлектронiк дастаў з кiшэнi пляскатую касету перадатчыка, прысеў i пачаў выклiкаць робата, перадаючы яго сiгнал, але было вiдаць, што робiць гэта ён хутчэй з абавязку, чым з пераканання. Тым часам Пiркс усё шукаў сляды. Здавалася, што робат даволi доўга таптаўся на адным месцы - столькi ледзь чутных пiскаў выдавала слухаўка. Такая вялiкая колькасць слядоў дарэшты збiла Пiркса з панталыку. Нарэшце ён прыблiзна акрэслiў гранiцу раёна, за якую робат напэўна не выходзiў, i пачаў пiльна абыходзiць яе, каб знайсцi новы след, якi падказаў бы напрамак далейшых пошукаў.
Зрабiў чарговы круг i вярнуўся да скалы. Памiж каменным выступам, на якiм ён стаяў, i зусiм вертыкальнай скалой, якая ўздымалася ўверх, зеўрала амаль паўтараметровая шчылiна; дно яе было ўсыпана дробнымi, вострымi абломкамi, што падалi зверху. Пiркс сумленна даследаваў i гэтае месца, але слухаўка маўчала. Ён апынуўся перад незразумелай загадкай: было падобна, што Анэль нiбы растварыўся ў паветры. Масена i Круль цiхенька раiлiся за яго спiной, а ён паволi ўзняў галаву i ўпершыню з такой блiзкай адлегласцi зiрнуў на слуп, якi ўзвышаўся над iм. Неадольнай была сiла выклiку, якую адчуў ён у каменным спакоi скалы; дакладней, гэта быў нават не выклiк, а хутчэй нешта падобнае на працягнутую адкрытую руку - у Пiркса з'явiлася пэўнасць, што трэба гэты жэст прыняць, што гэта пачатак дарогi, па якой ён павiнен пайсцi.