
Круль, гэта варта прызнаць, палiчыў сябе пераможаным i не трацiў больш марна слоў. Запанавала маўчанне. Масена пачаў здымаць са спiны апараты, а Пiркс, якi тым часам падрыхтаваў ужо вяроўку, малаток, крукi i змянiў цяжкiя чаравiкi на туфлi, пазiраў на яго крадком. Масена быў трохi знерваваны, Пiркс бачыў гэта. I не так ад спрэчкi з Крулем - гэта было звыклым, як таму, што ён, вiдаць, дарма ўлiп у сiтуацыю, з якой няма ўжо выйсця. Пiркс падумаў, што Масена, калi б яму прапанавалi застацца, то, хто ведае, мо i згадзiўся б, хоць тут i быў закрануты гонар. Пiркс, аднак, не сказаў нiчога, бо хоць спачатку ўзыходжанне абяцала быць лёгкiм, невядома, як будзе вышэй, асаблiва там, дзе значную частку каменнай сцяны засланялi казыркi. Ён жа нават не вывучыў сцяну праз бiнокль, бо не збiраўся штурмаваць яе. Але ўсё ж захапiў вяроўку i крукi - навошта? Замест таго каб аналiзаваць гэтыя супярэчнасцi, ён стаяў i чакаў Масену. Пасля разам яны рушылi няспешна да падножжа скалы.
- Я пайду першы, - сказаў Пiркс, -адразу на ўсю вяроўку; пасля паглядзiм.
Масена кiўнуў галавой. Пiркс азiрнуўся яшчэ раз, каб убачыць, што робiць Круль, з якiм рассталiся моўчкi. Круль стаяў там, дзе яго пакiнулi, ля складзеных рукзакоў. Пiркс i Масена былi ўжо так высока, што за паўночнымi горнымi хрыбтамi маглi ўбачыць маслiнавую пляму далёкiх нiзiн. Аснова камянiстага насыпу была яшчэ зацемнена, толькi вяршынi гор сляпуча блiшчалi, i гэты бляск рассеяным нiмбам высвечваў шчарбiны сцяны, якая ўздымалася над iмi высока ў неба.
Пiркс зрабiў вялiкi крок, намацаў нагой выступ, адштурхнуўся i лёгка пайшоў уверх. Першыя метры былi сапраўды не складаныя. Ён рухаўся мерна, нiбы лянiва, перад самымi вачыма праплывалi шурпатыя слаi скалы, няроўныя, з упадзiнамi цямнейшага колеру. Ён напружваўся, падцягваў цела, перамяшчаўся ўверх, адчуваючы нерухомае, марознае датыкненне ночы, якое iшло ад каменнага масiву. Сэрца стукала шпарчэй, але дыхалася свабодна, ад працы мускулаў прыемная цеплыня разлiвалася па целе.
