
Круль адразу ж запярэчыў. Iнструкцыя забараняе рызыкаваць жыццём людзей; у поўдзень прыляцiць па iх "Ампер"; яшчэ трэба сабраць барак i спакавацца; замеры зроблены; робат, вiдаць, трапiў у аварыю, значыць, трэба проста згадзiцца, што ён загiнуў, гэта значыць выкласцi ўсе акалiчнасцi ў канчатковай справаздачы.
- Цi азначае гэта, што мы павiнны пакiнуць яго тут, а самi паляцець? спытаўся Пiркс.
Яго спакой, здавалася, дражнiў Круля, якi, ледзьве стрымлiваючы сябе, адказаў, што ў справаздачы вычарпальна выкладзе ўсе падзеi, не забудзецца прывесцi думкi ўсiх сябраў групы i найбольш праўдзiва растлумачыць здарэнне: пашкоджанне мнестронаў памяцi цi кiраўнiчага контуру матывацыйнага, альбо дэсiнхранiзацыя...
Масена заўважыў, што нi першае, нi другое, нi трэцяе немагчыма, бо ў Анэля ўвогуле няма нiякiх мнестронаў, а толькi аднафазная монакрышталiчная сiстэма, развiтая малекулярна з пераахалоджаных дыямагнiтных раствораў, узбагачаных iзатопнымi элементамi...
Было бачна, што ён хацеў укалоць Круля, паказаць яму, што ён гаворыць пра рэчы, у якiх наогул нiчога не разумее; Пiркс перастаў слухаць. Адвярнуўшыся, ён зноўку змераў позiркам аснову слупа, але ўжо iнакш, чым раней, - уяўнае стала рэальным, i хоць яму было крыху непамысна, ён адчуваў пэўнае задавальненне, што можа распачаць адзiнаборства з гэтай гарой.
Масена вырашыў iсцi з Пiрксам, можа, дзеля таго, каб такiм чынам канчаткова супрацьпаставiць сябе Крулю. Да Пiркса пятае праз дзесятае даходзiла iх размова: што загадку трэба абавязкова высветлiць, бо калi яны проста вернуцца, то, магчыма, будзе ўпушчана штосьцi такое ж важнае, як i таямнiчае, якое выклiкала такую нечаканую рэакцыю ў робата, i калi б было толькi пяць шанцаў са ста, што гэта "штосьцi" адбылося, рызыка ўзыходжання будзе цалкам апраўдана.
