Далей пачынаўся малы траверс; iсцi станавiлася цяжэй, але i Пiркс з кожнай хвiлiнай аднаўляў ранейшыя навыкi, а яны былi такога ўзроўню, што часам было больш бяспечна даверыцца iнтуiцыi, чым свядома разважаць над выбарам прыёмаў; а ў тым, што дарога стала цяжэйшай, Пiркс пераканаўся ў той момант, калi, як i раней, хацеў вызвалiць правую руку, каб узяць звiсаючы з пояса iндыкатар, - i не змог гэтага зрабiць. У яго быў толькi адзiн пункт апоры для левай рукi i штосьцi вельмi невыразнае пад наском правага туфля; адхiнуўшыся як толькi можна ад скалы, ён шукаў апору другой назе i не мог знайсцi. Тады ён адмовiўся ад iндыкатара, бо вышэй было нешта падобнае на невялiкую прыступку.

Яна была пакрыта ледзяным наростам i нахiлена да прорвы, але ў адным месцы лёд быў сарваны з каменя нiбы моцным ударам. Пiркс сваiм туфлем гэтага нiколi б не зрабiў, яму прыйшло ў галаву, што гэта быў Анэлеў чаравiк - бо робат важыў амаль чвэрць тоны. Масена, якi iшоў да гэтага вельмi добра, зараз пачаў адставаць.

Яны наблiжалiся да вяршынi каменнага слупа. Скала, па-ранейшаму шурпатая, пачынала паступова, а чым вышэй, тым больш, нахiляцца да безданi, i iсцi без добрай апоры было цяжка; праз некалькi метраў шчылiна, да гэтага даволi шырокая, скончылася, у Пiркса заставалася яшчэ метраў пяць свабоднай вяроўкi, але ён сказаў Масене сцягнуць яе, каб агледзецца. Бо робат жа прайшоў тут без крукоў, без вяроўкi i без страхоўкi. "Значыць, i я гэтак здолею", падумаў Пiркс. Ён пачаў абмацваць скалу над сабой; у костачцы правай ступнi, заклiнаванай у апошнiм звужэннi шчылiны, па якой ён да гэтага iшоў, кальнула ад рэзкага павароту, аднак гэта не спынiла яго. Самымi кончыкамi пальцаў ён намацаў лiштвачку, меншую, чым падушачкi пальцаў; трымаючыся за яе, можна было падцягнуцца, але што далей?

Гэта было ўжо супернiцтва не толькi са скалою, але як бы i з Анэлем, ён жа тут прайшоў, i прытым адзiн. Праўда, пальцы ў яго сталёвыя... Пiркс пачаў ужо вызваляць ступню са шчылiны, калi пры гэтым руху нейкi невялiчкi каменьчык выскачыў з-пад падэшвы i паляцеў унiз.



24 из 31