
- Што там? - пачуўся знiзу голас Масены.
- Нармальна, вывучаю, - адказаў ён.
Нага напамiнала пра сябе, ён ведаў, што доўга ў такой пазiцыi не прастаiць. Эх, каб можна было знайсцi iншы шлях! Але варта толькi згубiць след робата, i яго ўжо не знойдзеш на гэтай кiламетровай сцяне. Стараўся знайсцi што-небудзь над сабой. Пад слiзгаючым позiркам сцяна здавалася ўсыпанай трэшчынамi, аднак на самай справе гэта былi ўпадзiны меншыя, чым далонь; разлiчваць можна было толькi на тую лiштвачку. Калi ён падцягнуўся на абедзвюх руках i вызвалiў ступню са шчылiны, у яго мiльганула думка, што адступлення ўжо няма; скала адразу нiбы адапхнула яго, ён вiсеў, i наскi туфляў адсунулiся ад скалы сантыметраў на трыццаць. Вышэй, наверх! Штосьцi мiльганула ў яго над галавою. Трэшчына? Але да яе трэба было дацягнуцца. Яшчэ трохi? Праз iмгненне ён страцiў здольнасць разважаць; трэба было адпусцiць левую руку, завiснуць на кончыках чатырох пальцаў правай i дацягнуцца левай да трэшчыны цi шчылiны невядома якой глыбiнi. "Гэтага нельга было рабiць!" - прамiльгнула ў яго ў галаве, калi ён, адчуваючы, што мускулы амаль лопаюцца, раптам апынуўся на два метры вышэй, прыцiскаючыся да скалы; ён цяжка дыхаў i крыху злаваўся на сябе; цяпер ён абедзвюма нагамi стаяў на лiштвачцы i мог забiць крук, нават два для пэўнасцi, бо першы ўвайшоў не вельмi глыбока. Так i зрабiў, з прыемнасцю ўслухоўваючыся ў чысты, звонкi высокi гук, якi нарэшце сцiх. Вяроўка ўскочыла ў карабiн, Пiркс ведаў, што давядзецца дапамагчы Масене; нельга сказаць, што гэта была чыстая работа, але ж гэта не Альпы; ва ўсякiм разе становiшча яго было зараз даволi пэўнае.
