
Масену не хапала, на жаль, паблажлiвасцi, а мажлiва, проста матывы Круля яго зусiм не цiкавiлi, ва ўсякiм разе, калi той настойваў часам на нейкiм памылковым рашэннi, Масена не абмяжоўваўся толькi пярэчаннем, а з алоўкам у руцэ раскладваў Круля на лапаткi з дапамогай бездакорных матэматычных разлiкаў i дабiваў Круля з такiм задавальненнем, нiбы стараўся даказаць не сваю праўду, а тое, што Круль - самаўпэўнены асёл. Але гэта было не так. Круль быў не самаўпэўнены, а толькi занадта ўражлiвы, як i кожны, хто мае больш амбiцый, чым здольнасцей.
Пiркс, якi быў мiжвольным сведкам такой размовы - зрэшты, цяжка было iм не быць, бо яны ўтрох жылi на сарака квадратных метрах, а гукаiзаляцыя перагародак была чыстай фiкцыяй, - ведаў, чым гэта скончыцца. I сапраўды: Круль, якi не смеў паказаць Масене, як моцна падзейнiчала на яго паражэнне, усю сваю непрыязнасць перанёс на Пiркса, зрэшты, у даволi своеасаблiвай форме. Круль пе растаў размаўляць з Пiрксам, акрамя выпадкаў, калi гэта было неабходна.
Толькi адзiн Масена застаўся пасля гэтага блiзкi яму - бо i сапраўды з гэтым чорнавалосым i светлавокiм халерыкам можна было пасябраваць - але Пiрксу заўсёды было нялёгка з халерыкамi, бо глыбока ў душы ён не надта iм давяраў. З Масенам вечна штосьцi здаралася: ён патрабаваў заглядваць сабе ў горла, заяўляў, што будзе змена надвор'я, бо ў яго косцi ломiць (нiякiх змен не адбывалася, але ён працягваў iх прадказваць), даводзiў, што мучыцца ад бяссоннiцы i штовечар дэманстратыўна шукаў таблеткi, якiх, бадай, нiколi не глытаў - проста клаў iх на ўсякi выпадак побач з ложкам, а ранiцай кляўся Пiрксу, якi вельмi позна чытаў i добра чуў яго храпенне, што нават вока не заплюшчыў (у што, здаецца, i сам свята верыў).
