
Была ў гэтым калектыве яшчэ адна асоба, хоць i не чалавек - ужо названы вышэй Анэль, або Аўтамат Нелiнейны, адна з найноўшых мадэляў, якiя выпускалiся на Зямлi для даследаванняў з высокай ступенню самастойнасцi. Масена быў з iмi - у якасцi кiбернетыка - выключна як данiна старой традыцыi, бо рэгламент патрабаваў, каб там, дзе ёсць аўтамат, абавязкова быў яшчэ нехта, хто мог бы ў выпадку неабходнасцi яго адрамантаваць. Рэгламенту было ўжо добры дзесятак гадоў - як вядома, iнструкцыi мяняюцца не так часта, - але Анэль, як не раз казаў сам Масена, мог бы пры патрэбе адрамантаваць нават яго самога. I не толькi таму, што быў абсалютна безадмоўны, але i таму, што меў сама неабходныя медыцынскiя веды. Пiркс ужо даўно заўважыў, што часта чалавека лепш зразумець па яго адносiнах да робатаў, чым да iншых людзей. Яго пакаленне жыло ў свеце, неад'емную частку якога складалi не толькi касмiчныя караблi, але i аўтаматы, аднак сфера аўтаматыкi была пазначана нейкiм асаблiвым адценнем iрацыяналiзму.
