Некаторым лягчэй было палюбiць звычайную машыну, скажам, уласны аўтамабiль, чым машыну разумную, якая думае. Перыяд шырокага эксперыментавання канструктараў ужо наблiжаўся да свайго фiнiшу - прынамсi, здавалася, што гэта так. Стваралiся аўтаматы толькi двух тыпаў: вузка спецыяльныя i ўнiверсальныя. Толькi невялiкай групе ўнiверсальных надавалi формы, падобныя на цела чалавека, i то толькi таму, што з усiх апрабаваных канструкцый запазычаная ў прыроды аказалася найбольш бездакорнай у цяжкiх умовах планетнай бездаражы.

Iнжынеры былi не ў вялiкiм захапленнi, калi iх дзiця пачало праяўляць такую самастойнасць, якая мiжволi наводзiла на думку пра духоўнае жыццё. У прынцыпе лiчылася, што аўтаматы мысляць, але "не маюць iндывiдуальнасцi". Сапраўды, нiхто не чуў пра аўтамат, якi гневаўся б, натхняўся, смяяўся альбо плакаў; усе яны былi надзвычай ураўнаважаныя, як гэтага хацелi канструктары. Аднак паколькi iх мазгi стваралi не на мантажным канвееры, а ў працэсе паступовага вырошчвання монакрышталёў, дзе мае месца статыстычны роскiд, якi не паддаецца кiраванню, то нават мiкраскапiчныя зрухi малекул выклiкалi такiя вынiковыя адхiленнi, што практычна не iснавала двух зусiм аднолькавых аўтаматаў. I ўсё ж, значыць, iндывiдуальнасцi? Не, адказваў кiбернетык, вынiк iмавернага працэсу; гэтак думаў сабе Пiркс, як i кожны, хто меў да iх дачыненне, хто цэлымi гадамi мог адчуваць побач з сабой iх маўклiвую, заўсёды мэтанакiраваную, заўсёды лагiчную дзейнасць. Вядома, усе яны былi падобныя адзiн на аднаго больш, чым людзi, але ж i яны мелi свой нораў, свае схiльнасцi, а былi i такiя, што пры выкананнi загадаў арганiзоўвалi нешта накшталт "маўклiвага супрацiўлення" - прызнак, якi, калi ён працягваўся доўга, заканчваўся капiтальным рамонтам.

У Пiркса, ды, напэўна, не толькi ў яго, у дачыненнi да гэтых своеасаблiвых машын, якiя так дакладна i часам надзвычай творча выконвалi заданнi, было не зусiм чыстае сумленне. Пачалося гэта мо яшчэ тады, калi ён камандаваў "Карыяланам"; дастаткова сказаць, што тую сiтуацыю, калi чалавек стварыў орган, якi мыслiць, па-за сваiм целам i зрабiў яго залежным ад сябе, Пiркс лiчыў не зусiм нармальнай.



5 из 31