Аднак Круль вырашыў, што дапамога Пiркса Анэлю не будзе патрэбна, таму наўючылi яны на робата апарат, касеты з фотаплёнкай i, склаўшы ў кабуры пояса рэактыўныя патроны, паслалi Анэля да вяршынi горнага масiву.

Робат выйшаў а восьмай ранiцы - Масена голасна выказаў упэўненасць, што ён справiцца са сваiмi справамi да абеду. Аднак мiнула другая, трэцяя, пасля чацвёртая гадзiна, нарэшце апусцiўся змрок, але Анэль не вяртаўся.

Пiркс сядзеў у кутку барака пад насценнай кадмiевай лямпай i чытаў надта растрапаную старую кнiжку, якую пазычыў яшчэ на Базе ў нейкага пiлота, але сэнс яе, бадай, да яго не даходзiў. Сядзець было не надта зручна. Рыфлёная алюмiнiевая сценка цiснула на плечы, з падушкi-надзiманкi ўцякло ўсё паветра, i ён адчуваў, як у ягадзiцы ўпiваюцца праз прагумаваную тканiну вострыя гайкi канструкцыi. Нягледзячы на гэта, ён не мяняў пазiцыi, паколькi нязручная поза дзiўным чынам гарманiравала з набiраючай моц злосцю. Нi Круль, нi Масена дагэтуль нiбы не заўважалi адсутнасцi Анэля. Круль, якi ўвогуле не быў жартаўнiком i нават не спрабаваў жартаваць, невядома чаму з самага пачатку называў робата Анёлам або нават Жалезным Анёлам, iнакш да яго i не звяртаўся, i такая па сутнасцi дробязь ужо колькi разоў раздражняла Пiркса, што за адно гэта ён знелюбiў касмографа. Масена меў да робата адносiны прафесiйныя: усе iнтэлектронiкi ведаюць, а дакладней, робяць выгляд, што ведаюць, якiя малекулярныя працэсы i токi выклiкаюць тыя цi iншыя рэакцыi або адказы аўтамата, i таму адмаўляюць любыя меркаваннi пра якую-небудзь разумнасць iх як абсалютнае глупства. Тым не менш да Анэля ён адносiўся гэтак жа, як добры механiк да свайго дызеля: не дазваляў перагружаць, любiў за выканальнасць i клапацiўся пра яго як мог.

А шостай гадзiне цярпенне ў Пiркса лопнула, бо ў яго здранцвела нага, i ён пачаў пацягвацца так, што аж косцi затрашчалi, кратаў ступнёй i згiнаў нагу ў калене, каб паскорыць кровазварот, а пасля стаў хадзiць з кута ў кут барака, добра ведаючы, што нiчым больш не здолее дапячы Крулю, якi заглыбiўся ў праверку падлiкаў.



7 из 31