
- Маглi б ужо i цiшэй! - сказаў нарэшце Круль, звяртаючыся да iх абодвух, нiбы не бачыў, што ходзiць адзiн Пiркс, а Масена са слухаўкамi на вушах уважлiва слухае нейкую перадачу, развалiўшыся на пнеўматычным крэсле, выраз твару ў яго быў смешны, задуменны. Пiркс адчынiў дзверы, якiя рвануў моцны заходнi вецер, i калi вочы трохi прывыклi да цемры, прыхiнуўся плячыма да сцяны з лiставога алюмiнiю, якая дрыжала ад моцнага ветру, i пачаў углядацца ў той бок, адкуль павiнен быў з'явiцца Анэль. Ён бачыў толькi рэдкiя зоркi, дрыготкiя ў паветры, парывы ветру халоднымi хвалямi студзiлi яго галаву, блыталi валасы, а ноздры i лёгкiя аж раздувалiся ад ветру - хуткасць яго была метраў сорак у секунду. Ён пастаяў, а калi стала холадна, вярнуўся ў барак, дзе Масена, пазяхаючы, здымаў з галавы слухаўкi i пальцамi расчэсваў валасы, Круль жа, зморшчаны, сухi, цярплiва складваў паперы ў папкi, пастукваючы кiпамi аркушаў, каб выраўняць iх.
- Няма яго! - сказаў Пiркс i сам здзiвiўся, як гэта прагучала - амаль як выклiк. Круль i Масена, вiдаць, заўважылi, якiм тонам гэта было прамоўлена, бо Масена кiнуў позiрк на Пiркса i заўважыў:
- Гэта нiчога, патрафiць, хоць i цёмна, вернецца на iнфрачырвоным...
Пiркс паглядзеў на яго, але нiчога не адказаў. Праходзячы мiма Круля, ён падняў з крэсла пакiнутую там кнiжку i ўсеўся ў сваiм кутку, прытварыўся, што чытае. Вецер мацнеў. Зааконныя гукi нарасталi, уздымалiся да выцця. Аднойчы штосьцi мякка стукнулася ў сцяну, нiбы невялiчкая галiнка, i зноў пацягнулiся хвiлiны маўчання. Масена, якi, напэўна, чакаў, што Пiркс, як заўсёды падатлiвы, возьмецца гатаваць вячэру, нарэшце ўстаў сам i пачаў адчыняць кансервы з самагрэючымi патронамi, уважлiва чытаючы спачатку назвы на этыкетках, нiбы спадзяваўся знайсцi сярод запасаў нейкiя невядомыя дагэтуль прысмакi.
