Ён маўчаў. I толькi, калi ўжо вячэра падыходзiла к канцу, непрыкметна для астатнiх i настаўнiка падмiгнуў мне з Сашкам. Гэта азначала, што мы павiнны перад сном тайна прабрацца ў яго пакой. Вядома, нас не трэба было запрашаць двойчы. Больш таго, мы ледзьве дачакалiся прызначанага часу.

- Ну як? - хрыплым шэптам спытаў Сашка, як толькi Мiшка, выглянуўшы папярэдне ў калiдор, зачынiў за намi дзверы.

- Возера, - адказаў Мiшка.

- I толькi?! - мы былi расчараваны. Пра возера мы ведалi i без яго. Нават зараз, у гэты самы момант, яно глуха шумела, лiжучы высокiмi хвалямi пясчаны бераг.

- Лясное.

- Здзiвiў! - Сашка нават абурыўся.

I я не разумеў, навошта было хавацца сюды, каб даведацца пра звычайную рэч.

- Па-першае, яно чорнае-чорнае, а па-другое, з'явiлася нядаўна. Ляснiк казаў, недзе было землетрасенне, i яно з'явiлася.

Колер - дробязь, а што побач ёсць возера, пра якое нават астатнiя хлопцы не ведагоць, - гэта ўжо сапраўды незвычайная падзея.

- А ты не памыляешся? - не паверыў Сашка.

- Самi ўбачыце.

Назаўтра пасля заняткаў мы зноў былi на востраве. Я прапанаваў узяць лодку, але сябры не падтрымалi. Лодка - не для першаадкрывальнiкаў. Для гэтай мэты найлепшае - самаробны плыт.

Нас трох для кволага Мiшкавага збудавання было замнога. Разы са два хвалi захлёствалi плыт, i мы аказвалiся ў вадзе. Але ўрэшце дасягнулi другога берага. Выцягнулi плыт на пясок i пайшлi ў лес.

Дарогу Мiшка запомнiў добра. Праз якую гадзiну мы ўжо былi ля мэты.

На першы погляд у гэтым лясным возеры нiчога асаблiвага не было. Вялiзная палонка пасярэдзiне зарослай мохам паляны. Вакол растуць кусты алешнiку, сям-там каля берага вiдаць шырокiя лiсты i кветкi гарлачыкаў. Вось толькi паверхня... Мiшка не памылiўся: яна была цьмяная, быццам промнi святла знiкалi ў ёй без астатку.



2 из 9