
Нейкi час экран не мяняўся, потым у iм нешта зварухнулася i... я працёр вочы. А калi адняў ад iх пальцы, на экране быў... той самы дом, якi я бачыў пад вадой, толькi цэлы.
Адлюстраванне не доўга было нерухомым. Хутка дом пачаў нiбы адступаць на заднi план, адкрываючы перад сабой чысценькi дворык. Некаторы час ён быў пусты, потым з ценю ад плота выйшаў чалавек. Высокi, стройны, хоць i не малады. Ён быў апрануты ў лёгкi зручны касцюм. Накшталт нашых сучасных спартыўных. Некалькi секунд чалавек моўчкi ўзiраўся, нiбы сапраўды бачыў нас, i нарэшце загаварыў.
Прыёмнiк, аднак, не перадаваў чамусьцi гукi яго голасу. Сашка круцiў лiсцiк i так i гэтак - нiчога не было чутно.
Цiшыню парушыў стук у дзверы.
- Гэй, вы, ноч ужо, - пачулi мы воклiч дзяжурнага, - зараз выключаю святло.
- Хадзем, Саша, - Мiшка ўзяў сябра за руку, - заўтра даведаемся.
Той нехаця падпарадкаваўся.
Цi трэба гаварыць, што сон доўга не мог узяць мяне. Я варочаўся на ложку, i карцiны, адна неверагоднейшая за другую, стаялi перад маiмi вачыма. Я нiбы бачыў невядомых касманаўтаў, якiя прыляцелi на Зямлю тады, калi наша цывiлiзацыя толькi пачыналася. Потым той чалавек мне ўяўляўся зусiм не чужынцам, а жыхарам мiфiчнай Атлантыды... Я не паспеў нiчога дадумаць да канца. Вiдаць, дзяжурны пачуў, што я варочаюся, i ўключыў электраўсыпляльнiк.
Ранiцай, ледзь развiднела, я памчаў да Сашкi. Ён доўга не адчыняў i ўсё нешта незадаволена мармытаў.
- Хутчэй ты, - зазлаваў я.
- А куды спяшацца? - Сашка нават не скрануўся з месца.
- Мiшка, ты чуеш? - закрычаў я на ўвесь калiдор, хаця Мiшкава галава ўжо тырчала з дзвярэй суседняга пакоя.
- Давай, давай! - населi мы ўдвух на Сашку.
Ён нехаця сабраўся i паплёўся за намi следам.
У лабараторыi было цiха i змрочна. Мiшка, не запальваючы святло, уключыў тэлепрыёмнiк. Экран замiгаў у прыцемках сотнямi зеленаватых iскарак. Мiналi секунды, мабыць, хвiлiны. Учарашняй карцiны не было.
