- Пара... - Сашка асекся.

Я зiрнуў на яго, потым на папяровую стужку, якая павольна паўзла, закручваючыся ў адмысловым кальцы, i здзiвiўся сам. Пяро асцылографа нiбы кiнулася ў дзiкiя скокi.

Некалькi iмгненняў Сашка глядзеў на паласатую змейку-стужку, потым схамянуўся i зiрнуў падазрона на мяне:

- Слухай, Вiця, ты часам не праглынуў генератар сiгналаў?

- Скажаш...

- Не, праўда, выйдзi на хвiлiну.

Сашка ўжо злаваўся, калi я вярнуўся. Бо, аказваецца, гэта я дзейнiчаў на нашы прыборы.

- Вытрасай кiшэнi, - загадаў мне Мiшка. I гэтае Мiшава далучэнне да Сашкi зусiм збянтэжыла мяне. Я паглядзеў на аднаго, на другога i раптам успомнiў пра лiсцiк. Нiчога iншага ў маiх кiшэнях не было.

- Вось, - працягнуў я Мiшку знаходку.

- Там? - спытаў ён, кiўнуўшы галавой у бок акна.

- Пад вадой, з разваленай сцяны выцягнуў.

- Давай, - выхапiў лiсцiк з маiх рук Сашка, - стаўце блок.

Як яму прыйшла ў галаву думка, што лiсцiк выпраменьвае i што гэта выпраменьванне трэба паспрабаваць злавiць тэлепрыёмнiкам, не ведаю. У яго заўсёды ў галаве поўна самых неверагодных думак. Здаралася, за iх нам нават пападала. Было ж, што мы спалiлi энергакабель, i школа некалькi гадзiн сядзела без электрычнасцi. Або другiм разам, паверыўшы, што Сашка адкрыў новы, тэлепатычны метад уздзеяння на жывёл, мы ўначы забралiся ў вальер да тыгра (гэта было на экскурсii ў Iндыi) i нарабiлi спалоху на ўсю акругу. Але, так цi iнакш, на гэты раз ён прыдумаў здорава.

Сашка паставiў лiсцiк побач з антэнай i ўключыў прыёмнiк. Электронны настройшчык адразу выбраў патрэбную хвалю. Яна была нейкая незвычайная, не ўласцiвая нашым тэлеўстаноўкам.

- Касмiчнага паходжання, - аж загарэўся Сашка. А мы з Мiшкам здагадалiся, што цяпер ён нас не падпусцiць да прыёмнiка i блiзка. Космас быў яго заказнiкам.

Экран мiгаў, не ажываючы, аднак, зусiм як тады, калi не працуе перадатчык. Але ён працаваў. Мы гэта самi бачылi. Сашка падсунуў лiсцiк яшчэ блiжэй да антэны i выключыў у лабараторыi святло.



7 из 9