Роджэр Бэнтлi акуратна падняў сабаку й перанес яго ў дварок - у цянёк каля сажалкi.

- Што робiм далей?

- Я ня ведаю, - сказаў Роджэр Бэнтлi. - Гэта першая сьмерць у сям'i за ўвесь час.

Ён спынiўся i, цяжка дыхаючы, паматляў галавой:

- Я маю на ўвазе...

- Ты меў на ўвазе дакладна тое, што сказаў, - выцiснула Рут Бэнтлi. - Калi Дог - не сям'я, значыць, ён - нiшто. Божа мой, я люблю яго.

Выбухнулi новыя сьлёзы, i ў гэты момант Роджэр Бэнтлi ўзяў коўдру, каб накрыць Дога, аднак Сузан спынiла яго.

- Не, не. Я хачу бачыць яго. У мяне ня будзе магчымасьцi бачыць яго зноў. Ён такi прыгожы. Ён такi - стары.

Яны перанесьлi свае сьняданкi ў дварок, чамусь адчуваючы, што ня могуць ня бачыць сабакi пад час яды.

Роджэр Бэнтлi патэлефанаваў старэйшым жанатым дзецям. Калi яны прыехалi найперш Роднi, якому дваццаць адзiн, а пасьля старэйшая дачка Сал, ёй дваццаць чатыры, - усiх ахапiла новая хваля роспачы. Яны цiха сядзелi й глядзелi на адбiтак Дога ў люстэрку.

- Якiя вашыя пляны? - нарэшце папытаўся Роднi.

- Я разумею, гэта дурнота, - сказаў Роджэр Бэнтлi пасьля паўзы. - Але ён усяго толькi сабака...

- Толькi!? - Адразу ж зарыдалi ўсе.

Роджэр змушаны быў адступiцца.

- Паглядзеце, ён варты Тадж Махала. I ён атрымае Могiлкi Хатнiх Улюбёнцаў у Бэрбанку.

- Могiлкi Ўлюбёнцаў, - сказаў Роднi, - што за глупства!

- Што ж тут неразумнага? - Твар Скiпа пачырванеў, а вусны задрыжэлi: Дог, ну, Дог быў пэрлiнай... надзвычай каштоўнай.

- Та-а-к, - дадала Сузан.

- Добра, даруйце мне. - Роджэр Бэнтлi павярнуўся, каб абвесьцi позiркам сажалку, кустоўе й неба. - Я думаю, што можна выклiкаць трупяроў.

- Трупяроў? - ускрыкнула Рут Бэнтлi.

- Трупы? - сказала Сузан. - Дог ня ёсьць трупам.

- Што ж ён тады? - спытаўся Скiп.



2 из 8