Усе ўтаропiлiся ў сабаку.

- Ён, - выпалiла ўраз Сузан, - ён... ён - мая любоў.

Перад тым, як плач мусiў распачацца зноўку, Роджэр Бэнтлi ўзяў слухаўку, патэлефанаваў на Могiлкi Ўлюбёнцаў.

- Дзьвесьце даляраў, - аб'явiў ён прысутным. - Някепска.

- Для Дога? - сказаў Скiп. - Мала!

- Вы сур'ёзна гэта ўсё? - спыталася Рут Бэнтлi.

- Але, - сказаў Роджэр. - Я сьмяяўся з падобных месцаў усё сваё жыцьцё. Аднак цяпер...

Ён на момант вытрымаў паўзу:

- Яны прыйдуць i забяруць Дога апоўднi. Цырымонiя заўтра.

- Цырымонiя! - фыркнуў Роднi i, размахваючы рукамi, скiраваўся да сажалкi. - Вы ня змусiце мяне прысутнiчаць!

Сямейства пагрозьлiва зiрнула на яго. Урэшце Роднi павярнуўся й дазволiў сваiм плячам распружыцца.

- А бадай мяне лiха, я буду!

- Дог бы нiколi табе не дараваў, калi б цябе не было, - уздыхнула Сузан i выцерла нос.

Роджэр Бэнтлi паўглядаўся ў сабаку, пасьля ў сямейнiкаў i неба, заплюшчыў вочы i выразна прашаптаў:

- Божа мой! Цi разумееце вы, што гэта сама першае жахлiвае здарэньне ў нашай сям'i? Цi ж былi мы калi хворыя, цi хадзiлi ў шпiталь? Траплялi ў аўтамабiльныя катастрофы?

Ён чакаў.

- Не, - сказалi ўсе.

- Гары яно гарам, - выдаў Скiп.

- Нi халеры вы ня бачыце - нi здарэньняў, нi хваробаў, нi шпiталёў!

- Можа, - насьмелiлася Сузан i змушаная была спынiцца ды чакаць, бо ейны голас зламаўся. - Можа, Дог i памёр, толькi каб дамамагчы нам зразумець, якiя шчасьлiвыя мы людзi.

- Шчасьлiвыя?! - Роджэр Бэнтлi расплюшчыў вочы i павярнуўся. - Так! Ты ведаеш, што мы...

- Генэрацыя навуковай фантастыкi, - прапанаваў Роднi, неахайна запальваючы цыгарэту.

- Што?

- Ты захапляесься гэтым. Пад час тваiх школьных лекцыяў цi пад час абеду. Кансэрвавыя нажы? Навуковая фантастыка. Аўтамабiлi. Радыё, тэлевiзiя, кiно. Усё! Навуковая фантастыка!



3 из 8