
На трэцi дзень пасля выхаду часопiса ў свет вядомы мiльярдэр месьё X. выклiкаў да сябе сына. На стале ў яго красаваўся часопiс "Назад". Ён даволi сурова прыняў сына i ўсё ж не ўтрываў, каб у глыбiнi душы не расчулiцца, убачыўшы элегантна адзетага сына i ў цудоўным настроi. Бацька пастукаў рукой па часопiсе i металiчным голасам пачаў:
- Я не пытаюся, цi знаёмы ты з гэтым смеццем, бо тут вялiкiмi лiтарамi выстаўлена напаказ тваё прозвiшча, якое таксама, i перш-наперш, з'яўляецца маiм. Я хачу верыць, што ты ўчынiў гэта праз неразуменне або праз неабдуманасць. Але як ты мог - ты, такi выхаваны хлопчык, такi адукаваны i разумны, ты, хто добра ўсвядомiў, што такое бесклапотнае жыццё i што такое сродкi жыцця, бо ты ж багаты, i вельмi багаты - мiльярдэраў сын, як ты мог, пытаюся я, не згарэўшы ад сораму, напiсаць артыкул, адна назва якога "Вялiкi капiтал - гэта мы!" з'яўляецца правакацыяй? I калi б справа была толькi ў назве! Але ж i сам змест выходзiць за ўсялякiя межы. Слухай! Чытаю наўгад: "Мы не хочам больш прыкiдвацца, што ставiмся да пралетарыяту з любоўю. Бо нiякай любовi да яго мы не адчуваем..." I далей: "Няхай сацыялiсты стараюцца зрабiць бедных жабракамi, няхай, раз iм гэта падабаецца, аднак мы не можам болей цярпець, што сацыялiсты перашкаджаюць багатым выкарыстоўваць свае грошы так, як iм хочацца; мы не можам болей цярпець, што багатых прымушаюць па-брацку ўздыхаць..." I яшчэ: "Скончым з гэтай рэвалюцыяй - алiбi - алiбi хiтрых, алiбi нягоднiкаў, алiбi б...!"
