Бацька загарнуў часопiс i стукнуў па iм кулаком.

- Ты што, зусiм здурнеў? Хiба пра такiя рэчы гавораць, га? Ты не адмовiшся? А я думаю, што ты ад усяго адрачэшся! Ад усяго i на ўвесь голас! Я думаю, што змагу сказаць нашым таварышам з левых экстрэмiстаў, а таксама нашым сябрам з урада i епiскапства, што гэта проста жарт i сэрцам ты заўсёды за народ...

- Нiколi!

Некалькi секунд яны моўчкi глядзелi адзiн на аднаго. Бацькаў погляд быў змрочны i пагрозлiвы. Раптам сын устаў з крэсла i, расправiўшы грудзi, моцна крыкнуў:

- Далоў Арагона!

Пачуўшы гэта, бедалага-бацька збялеў.

- Мой маленькi хлопчык, - пачаў ён надламаным голасам, - мала таго, што ты напiсаў гэтыя жахлiвыя рэчы, дык ты яшчэ палохаеш свайго бацьку! Чаго табе яшчэ трэба? Я ж табе кожны месяц даю па шэсцьсот тысяч франкаў на кiшэнныя выдаткi. Толькi што купiў на свята новы "Крайслер". Мой маленькi, хiба я калi забараняў табе займацца лiтаратурай? Наадварот. Я ж бачу, што многiя маладыя з багатых сем'яў пiшуць. I ты мог бы браць з iх прыклад. Калi я думаю пра Рэвэйо-Пiшона з харчовай прамысловасцi i шампанскiх вiнаў... Яго сын нядаўна выдаў кнiгу паэм, i ў iх услаўляюцца рабочыя. Пра гэтую кнiгу пiсалi самыя перадавыя газеты! Вось дзе шчасце i гонар бацьку! Пачакай, мой хлопчык, падумай, апамятайся! Гэта ж так лёгка размахваць сваiм сэрцам i выказваць вялiкiя пачуццi! I, павер мне, гэта дробязь, якая нiчога не каштуе, затое ты заўсёды будзеш у выйгрышы! Заўсёды! Урэшце, чаго я ў цябе прашу? Быць за народ, як i астатнiя. Быць рэвалюцыянерам, як i ўсе мы.

- Пра тое, што я напiсаў, я падумаў. I так буду думаць заўсёды.

- Ага! Вось ты як! З гэтай хвiлiны на кiшэнныя выдаткi будзеш мець пяцьдзесят тысяч франкаў. I так будзе, пакуль ты не зменiш сваiх поглядаў. Паўтараю: пяцьдзесят тысяч.



3 из 8