
Пяцьдзесят тысяч франкаў - гэта была сума, якую i астатнiя мiльярдэры (яны дамовiлiся папярэдне) вызначылi сваiм сынам.
З Мартэнам было крыху iначай. Яго бацька прачытаў вячэрнюю газету, спартыўны штотыднёвiк, а на часопiс "Назад" нават не глянуў. Таму i ўцямiць не мог, чаму гэта раптам ад шэфа пасыпалiся на яго папрокi i непрыемнасцi. Хвалюючыся за сваё маральнае аблiчча i ўвогуле за становiшча, ён пачаў капацца ў сваiм сумленнi. Аднак не знаходзiў нiчога такога нi ў сваёй працы, нi ў выяўленнi палiтычных сiмпатый, што магло б так угнявiць кiраўнiцтва. А калегi ўхiлялiся з iм гаварыць, а пры шэфу нават злосцi не хавалi. I ўсё ж адзiн з самых старых сяброў растлумачыў яму, чаму так раптам змянiлiся да яго адносiны ў прэфектуры. Бацькаў гнеў быў страшны. Вось што ён сказаў свайму сыну:
- Ах ты, нягоднiк! Вось як ты плацiш бацьку! Усё жыццё я ўсiм ахвяраваў, каб ты выбiўся ў людзi, каб ажанiўся з багатаю нявестаю. А ты! Вось як ты мне аддзячыў! Арганiзаваў анархiсцкi часопiс! I папiсваеш гэтыя брудныя артыкульчыкi! Я - той, каго кiраўнiцтва заўсёды ставiла ў прыклад, сёння стаў бацькам адступнiка, паганца, пiсакi-прайдзiсвета, якi з гразёю мяшае рэвалюцыю! О, падонак! Вон з маёй хаты - я праклiнаю цябе!
Тут пытанне пра кiшэнныя выдаткi не ставiлася, як, дарэчы, не ставiлася яно нiколi i раней. Беспрытульны Мартэн на жыццё меў пяцьсот франкаў, што засталiся ад сцiплай зарплаты галоўнага рэдактара часопiса. Урэшце, грошы мала яго турбавалi. Было ў гэтым маладым чалавеку штосьцi ад Мефiстофеля. Ён лёгка зжываўся з беднасцю i меў у гэтым свеце толькi самыя неўтаймоўныя жаданнi, народжаныя злосцю. Злосцю таго, хто думае iнакш, гэта значыць "вельмi правiльна". Ён ужо памалу забываўся на бацькаў праклён, якi ўспрыняў, вiдаць, занадта лёгка, выйшаў з дому i пакiраваўся ў рэдакцыю свайго часопiса, дзе вырашыў пакуль што пажыць. Рэдакцыя складалася з аднаго пакойчыка, вестыбюля i туалета. Мартэн паслаў на падлозе часопiсы, лёг i хутка заснуў. Назаўтра ранiцай у 10 гадзiн прыйшла сакратарка. Да гэтага часу Мартэн ужо адстукаў на машынцы сем старонак. Ён забыўся праветрыць пакойчык, i дзяўчына, скрывiўшы носiк, незадаволена сказала:
