- А на якiя грошы?

Мартэн запнуўся. Ён увесь час думаў толькi пра змест часопiса i нiколi не цiкавiўся матэрыяльным бокам справы. Сынкi заўважылi яго разгубленасць i задаволена пачалi скалiць зубы.. Жынэта вырашыла, што гэта ўжо занадта. Яна пацалавала Мартэна i, павярнуўшыся да пяцёркi, адсекла:

- Грошы мы знойдзем! А вашых нам не трэба! Вы - бяздарныя выскачкi! Вы пачвары! Iдзiце дадому, i няхай вашы таткi мiльярдэры дадуць вам блаславенне!

- Але ж мы дзейнiчаем у iмя народа, - паспрабавалi пярэчыць сынкi.

- Даволi! У майго любага i ў мяне шмат працы. Марш адгэтуль!

Сынкi былi абражаны ўжо тым, што яна бессаромна, пры iх, пацалавала Мартэна, а яе апошнiя нахабныя словы зусiм вывелi iх з цярпення.

- Мы ў сябе дома, бо мы плацiм за памяшканне, газ i электрычнасць. Так што самi вымятайцеся адсюль i рабiце свой часопiс у iншым месцы!

З болем у сэрцы Мартэн i Жынэта мусiлi пакiнуць рэдакцыю.

Пасля гэтай расправы сынкi вярнулiся да бацькоў i сцiпла расказалi пра тое, што яны толькi што зрабiлi масам. Адначасова яны паклялiся быць вернымi справе рэвалюцыйнай будучынi. Да глыбiнi душы расчуленыя таты адразу давялi кiшэнныя выдаткi сваiх дзетак да васьмiсот пяцiдзесяцi тысяч франкаў на месяц.

Мiж тым становiшча Жынэты i Мартэна было вельмi хiсткае. Без падтрымкi, амаль без грошай, iм заставалася спадзявацца толькi на сябе. Праўда, Мартэна гэта зусiм не хвалявала. Ён усё думаў пра свой вялiкi артыкул, над якiм яшчэ трэба было працаваць i працаваць. На шчасце, Жынэта была больш практычная. За тыя некалькi соцень, што ў iх яшчэ заставалiся, яна купiла бiлет нацыянальнай латарэi i назаўтра ж стала ўладальнiцай пяцi мiльёнаў франкаў. Шчаслiвы Мартэн цяпер быў упэўнены, што другi нумар часопiса ўбачыць свет. Але Жынэта думала iнакш: абгрунтавана i доказна яна пераканала Мартэна, што пяць мiльёнаў - гэта дробязь, i перш чым укладваць значныя сродкi ў такую няпэўную справу, як часопiс,трэба стварыць мацнейшую платформу. I абое занялiся камерцыяй. Спецыялiзавалiся на ангельскiх шпiльках. Па праўдзе кажучы, Мартэну гэта не надта падабалася, але памалу ён адчуў смак у гэтай справе i ўкладваў у яе ўвесь свой iнтэлектуальны запал.



7 из 8