
Уся Зямля радавалася, i толькi ён адзiн, здавалася, заставаўся абыякавым. Гэта нас здзiўляла i, што казаць, крыўдзiла. Бо мы паважалi i любiлi свайго настаўнiка. Ён быў уважлiвы да кожнага з нас, расказваў многа цiкавага. А ведаў ён столькi, колькi, як нам часам думалася, на Зямлi больш не можа ведаць нiхто. Але абыякавасць да космасу мы не маглi дараваць нiкому. I ў нас з'явiлася ад настаўнiка таямнiца...
Цi ведаў настаўнiк пра яе? Напэўна. Ён разумеў нас лепш за нас самiх. Мы часам забывалi, што яму ўжо недзе пад дзевяноста - такi ён быў выдумшчык i завадатар. Толькi быццам знарок не хацеў заўважаць нашы касмiчныя мары i планы. Калi нават на ўроках здаралася праходзiць тэмы, звязаныя з гiсторыяй асваення космасу, ён абавязкова кiдаў фразу:
- Штурм космасу - не рамантыка, сябры. Гэта цяжка нават дарослым.
- Навошта настаўнiк нас палохае? - больш за ўсiх абураўся Сашка Шарай.
Разважлiвы Мiшка Патупчык супакойваў яго:
- Каб зразумець космас, трэба пабываць у прасторы.
Мы згаджалiся з Мiшкам. Адкуль было нашаму настаўнiку ведаць, што такое палёт да зорак, калi ён зусiм зямны чалавек. Ну хто яшчэ ў наш час, акрамя нашага настаўнiка, мог узяць кiёк i пайсцi на цэлы дзень у стэп? Ён клiкаў i нас з сабой. Аднаго разу мы было пайшлi. I што ўбачылi? Бясконцае аднастайнае поле, на якiм каласiлася аксамiтная пшанiца, i жаваранкаў у небе. Што тут незвычайнага? Толькi наш настаўнiк захапляўся ўсiм гэтым. Ён спыняўся на якiм-небудзь пагорку, падставiўшы твар сонцу, i слухаў, як шапацела збажына, як аднекуль з сiняй безданi неба лiлася жаўруковая песня вясны i цяпла. Твар настаўнiка нiбы памаладзеў, i на вуснах блукала трапяткая даверлiвая ўсмешка. А мы сумавалi. I дадому вярнулiся стомленыя, маўклiвыя. Настаўнiк паглядзеў на нас з нейкiм жалем i, развiтваючыся, уздыхнуў.
