
Неўзабаве надышлi экзамены. Мова i фiзiка, лiтаратура i матэматыка... Настаўнiк быў увесь час з намi, дапамагаў нам, i мы зноў здзiўлялiся, як ён многа ведае.
А потым быў экзамен па гiсторыi. Каб зрабiць настаўнiку прыемнае, я вырашыў напiсаць пра старажытную Русь, пра гарачыя бойкi нашых продкаў са стэпавымi качэўнiкамi. Мне хацелася, каб настаўнiк убачыў любы свайму сэрцу шырокi стэп, поўны сонца i прасторы.
Сачыненне, вiдаць, спадабалася настаўнiку. Ён слухаў, заплюшчыўшы вочы, кiваў часам, нiбы ў знак згоды, галавой, а калi я скончыў чытаць, ён не стаў, як рабiў гэта часта, дапаўняць. Ён не пахвалiў мяне, не ў яго правiлах было хвалiць чалавека, якi выканаў свой абавязак. Ступень сваёй задаволенасцi ён выказваў толькi адзнакамi. Мне вышэйшы бал не паставiў. Чаму? Нешта, вiдаць, было не так. Але трэба прадумаць гэта спачатку самому, што было "не так".
Крыху расчараваны ацэнкай, я не адразу пачуў, аб чым расказвае Сашка. А прыслухаўшыся, абурыўся. Яшчэ загадзя мы дамовiлiся не закранаць у сваiх работах таго, што мае дачыненне да касмiчных палётаў. I раптам Сашка парушыў дагавор. Навошта гэты выклiк настаўнiку? Вiдаць, пра гэта падумалi i астатнiя хлопцы. Бо ў класе ўсталявалася незвычайная цiшыня. Я не адрываў позiрку ад настаўнiка, шукаў на яго твары крыўду, абурэнне цi што-небудзь такое яшчэ. I не знаходзiў. Ён i Сашку слухаў, як нядаўна мяне, - уважлiва, засяроджана.
Сашка быў разумны хлопец. Я слухаў i думаў, дзе ён назбiраў столькi звестак? Але самае галоўнае нас чакала, аказваецца, наперадзе. Сашкаў голас раптам зазвiнеў, як струна, якая вось-вось парвецца:
