
А хлопчык пачаў разглядаць стужку. Ён хутка наставiў бы на ёй крыжыкаў i пабег бы на Зямлю ў вялiкi дэндрарый. Але бацька загадаў чакаць сiгналу сiрэны. Хлопчык ведаў, што старэйшых трэба слухацца. Ён толькi аднойчы паставiў лiшнi крыжык. Усе астатнiя разы рабiў, як казаў бацька, хаця ўрэшце яму ўжо надакучыла чакаць.
Рысачак заставалася так многа, што ён не мог iх нават пералiчыць i не верыў, што iх калiсьцi не стане. Рысачкi снiлiся яму, калi ён клаўся спаць. I, устаўшы, клiкаў робата i адпраўляўся ў бiблiятэку. Цяпер там быў толькi адзiн фiльм, той самы, што ён глядзеў некалi самавольна. Але iншага хлопчыку i не трэба было. Ён мог i гэты глядзець многа раз запар, кожны раз знаходзячы нешта новае, жаданае i цiкавае...
Настаўнiк змоўк. У блакiтным паўзмроку мы бачылi толькi яго постаць, высокую, шыракаплечую, i гордую галаву з пасiвелымi валасамi.
Маўчалi i мы, захопленыя расказам, здзiўленыя тым, што, аказваецца, наш настаўнiк ведае i гэтую не любiмую iм тэму. Нарэшце Мiшка парушыў цiшыню:
- Ён потым сустрэўся з дзецьмi?
Настаўнiк павярнуўся да экрана, i мы ўбачылi, як ён пакiваў галавой. Потым пачулi:
- Зоркалёт вярнуўся пазней. Была аварыя. А хлопчык... Ён тады ўжо вырас.
Нам стала шкада хлопчыка, якi нi разу не пагуляў са сваiмi равеснiкамi. Адзiн Сашка сказаў:
- Ну i што? Затое яму лягчэй было вярнуцца ў космас.
- Ён застаўся на Зямлi, - адказаў настаўнiк. I мне здалося, што яго голас задрыжаў. Але мне гэта, напэўна, толькi здалося. Праз момант настаўнiк дадаў: - Бо што можа быць лепшае за нашу цудоўную, цудоўную Зямлю!
