
Нарэшце (а здарылася гэта пасля доўгай дыскусii дарослых, пра гэта хлопчык даведаўся значна пазней) яму паказалi фiльмы аб Зямлi.
У першы раз родная планета не ўразiла яго. Ён глядзеў спакойна, а пасля спытаў: "Зямля - гэта як дэндрарый?" На зоркалёце быў такi куток, дзе раслi сапраўдныя дрэвы. Яму нiчога не тлумачылi, толькi фiльмаў больш не паказвалi.
А яму чамусьцi вельмi захацелася паглядзець хоць яшчэ адзiн такi фiльм. I аднойчы, падгаварыўшы робата, хлопчык пайшоў у бiблiятэку. Робату гэтага не забаранiлi, не ўвялi ў праграму, i ён хутка знайшоў нейкi фiльм, зняты на Зямлi.
Хлопчык зноў убачыў тое, што ён лiчыў вялiкiм дэндрарыем. "Для дарослых", - падумаў ён, уражаны памерамi. I тут жа схамянуўся: сярод дрэў iшоў такi ж хлопчык, як ён, а мо i яшчэ меншы. Гэта было незвычайна, дзiўна i чамусьцi выклiкала незразумелае жаданне некуды пабегчы. Хлопчык застаўся на месцы, ён ведаў, што адсюль можна пабегчы толькi ў дэндрарый. А гэтага яму не хацелася зараз. Ён упершыню падумаў, што дэндрарый - тая ж цацка, але для дарослых.
Пакуль ён так разважаў, дзяцей на экране пабольшала. Яны бегалi, скакалi, лавiлi адно аднаго. I смяялiся - гучна, весела, як нiхто не смяяўся на зоркалёце. Хлопчык перастаў глядзець на экран i сказаў робату: "Хачу да дзяцей". На караблi больш дзяцей не было, i робат павёў хлопчыка да бацькi.
Бацька ўважлiва выслухаў яго блытаны расказ пра фiльм, потым паклаў яму на галаву вялiкую i цёплую руку i неяк цераз сiлу сказаў: "Засталося шэсць незалежных гадоў. Тады..." Ён не растлумачыў, што будзе тады.
I хлопчык спытаў: "А калi будзе гэта тады?" Бацька моўчкi павёў яго ў каюту, паваражыў над электроннай машынай, i з яе выпаўзла белая стужка з мноствам чорненькiх рысачак. Бацька пакорпаўся ў сваiх кiшэнях, потым у шуфлядцы i нарэшце знайшоў маленькую палачку. Гэтай палачкай ён зрабiў на стужцы з першай рысачкi крыжык i аддаў яе сыну. "Кожны дзень, - пачаў быў ён, але ўспомнiўшы, што хлопчык не ўяўляе сабе дзень, паправiўся: - Кожны раз, як прагучыць вялiкая сiрэна, будзеш ставiць тут адзiн крыжык. Як паставiш усе, тады мы прыляцiм на Зямлю, i ты пойдзеш да дзяцей". Ён яшчэ раз пагладзiў сына па галаве i выйшаў.
