
- Мацi яму сказала: "У пякарнi Траба патрэбен чаляднiк. Лепшага выпадку ў цябе не будзе. Кiдай школу, станеш пекарам". I ён прыйшоў да мяне. Разумееце, хлопец ён паслухмяны, ды рэдка калi не лунае ў воблаках.
- Ох, ужо гэтыя мацi... - сказаў Пiне. Ён працёр свой манокль i зноў уставiў яго ў вока. - Мая матуля хацела, каб я стаў сабачым цырульнiкам. Яна казала, што гэта вельмi высакародны занятак i да таго ж даходны. У яе свецкiх сябровак з пудзелямi ды балонкамi я, вядома, буду нарасхват. - Яго доўгiя гнуткiя пальцы быццам стрыглi i завiвалi сабачую поўсць, а на твары з'явiлася агiда. - I я спытаў сам у сябе: хто ж я такi, што ж я такое, калi згаджуся рабiць педыкюр сабакам? Завербаваўся ў Касмiчны корпус, i мяне паслалi служыць на Марс. Калi мая матуля даведалася пра гэта, яе ледзь не разбiў паралюш.
- Дзiва што, - паспачуваў Траба.
- А сёння яна ганарыцца, што яе сын афiцэр i на пагонах у яго чатыры каметы. Мацi ўсе такiя. Нiякага i следу логiкi.
- Бадай што, гэта нават i лепей, - заўважыў Траба. - Бо iнакш некаторыя з нас нiколi б i на свет не нарадзiлiся.
- Пакажыце мне гэтага зорнага летуценнiка, - загадаў Пiне.
- Жуль! - гукнуў Траба, павярнуўся да пякарнi i прыставiў далонi рупарам да рота: - Жуль, хадзi сюды!
Нiякага адказу.
- Бачыце? - Траба бездапаможна развёў рукамi. - Проста не ведаю, што i рабiць. - Ён пайшоў у пякарню, i адтуль даляцеў яго гучны, нецярплiвы голас:Я цябе клiкаў. Чаму ты не абзываешся? Пан палкоўнiк хоча цябе зараз жа бачыць. Прыгладзь валасы ды паспяшайся.
З'явiўся Жуль, iшоў ён нехаця, нага за нагу, валасы i рукi ў муцэ. Ясныя шэрыя вочы яго глядзелi прама i шчыра i не апусцiлiся пад выпрабавальным позiркам палкоўнiка.
- Значыцца, ты сумуеш па зорках, - сказаў Пiне, з цiкавасцю разглядаючы юнака. - Чаму б гэта?
- Чаму чалавеку чаго-небудзь хочацца? - адказаў Жуль i няўцямна пацiснуў плячамi. - Мабыць, так я ўжо створаны.
