- Цудоўны адказ, - ухвалiў Пiне. - Так ужо чалавек створаны. Тысячы людзей кожную гадзiну давяраюць сваё жыццё аднаму-адзiнаму пiлоту. I нiчога кепскага з iмi не здараецца. А чаму? Ды таму, што так ужо ён створаны - пiлотам. Палкоўнiк павольна агледзеў Жуля з ног да галавы. - I ўсё-такi ты пячэш хлеб.

- Павiнен жа нехта i хлеб пячы, - умяшаўся Траба. - Не ўсiм жа лятаць да зорак.

- Маўчаць! - загадаў Пiне. - Вы ўступаеце ў змову з жанчынай, каб забiць жывую душу, - значыцца, вы забойца. Зрэшты, гэтага трэба было чакаць. Вы ж ураджэнец берагоў Роны, а там забойцаў процьма.

- Пане палкоўнiк, я зняважаны...

- Хочаш ты i надалей служыць гэтаму забойцу? - спытаў палкоўнiк у Жуля.

- Мсье Траба быў гэтакi добры да мяне. Вы мне даруйце...

- А як жа яму не быць добрым, - перабiў Пiне. - Ён хiтрун. Усе Траба заўсёды былi хiтрыя. - Ён весела падмiргнуў пекару, Жуль гэта прыкмецiў, i ў яго адразу зрабiлася лягчэй на душы. - Але ад усiх навабранцаў абавязкова патрабуецца адно, - гаварыў далей палкоўнiк ужо больш сур'ёзным тонам. Паспрабуй здагадацца, што менавiта.

- Кемлiвасць, пане палкоўнiк? - рызыкнуў Жуль.

- Так, безумоўна, але адной кемлiвасцi мала. Патрабуецца, каб навабранец усёй сваёй iстотай iрваўся ў космас.

- Дык гэтак жа i ва ўсiм, - зноў умяшаўся Траба. - Калi любiш сваю работу, працуеш як мага старанней i чым найлепш. От узяць хоць бы мяне: калi б мне было ўсё адно, што хлеб, што не хлеб, я, мусiць, жаваў бы цяпер тытунь у электрычнай пякарнi i рук бы нiколi не мыў.

- Кожны год у Касмiчны каледж паступаюць дзесяць тысяч юнакоў, - сказаў Пiне Жулю. - I болей за восем тысяч яго не заканчваюць. Iм не хапае пораху вытрымаць чатыры гады ўпартай працы i засяродзiць усе свае думкi i ўсе сiлы душы на адным. Так што шмат хто кiдае на паўдарозе. Сорам i ганьба! Ты згодзен?

- Згодзен, пане палкоўнiк, сорам i ганьба, - пацвердзiў Жуль i насупiў бровы.

- Ха! - сказаў Пiне, вельмi задаволены. - У такiм выпадку давай пазбавiм гэтага крывапiўца Траба яго здабычы. Мы знойдзем яму другога хлопца, якi створаны для таго, каб стаць пекарам.



6 из 10