"Заўсёды будзь такi, каб мне не было за цябе сорамна!"

"Прывiд" зрабiў пасадку ў Баталбары, на планеце Дэйсед сiстэмы Сiрыуса. Палёт працягваўся дзвесце восемдзесят пяць зямных сутак.

Калi былi скончаны ўсе фармальнасцi, што звязаны з пасадкай, капiтан Жуль Рыу сышоў з карабля i нiбы ў тумане паплёўся да гасцiнiцы матулi Крэчмер. Так было заведзена, i так раiлi рабiць сама лепшыя псiхолагi.

Камандзiру карабля патрэбен глыбокi асвяжальны сон, прытым сон доўгi i непрабудны. Але перш за ўсё яму трэба назусiм пазбыцца ўсякiх думак пра карабель, пра палёт i пра ўсё, што з гэтым звязана. Ён павiнён настроiць сябе так, каб заснуць спакойным, як у дзiцяцi, сном i праспаць сама менш суткi. Для гэтага трэба найперш выкiнуць з галавы ўсе нядаўнiя клопаты i схавацца ў сваiм куточку раю нябеснага.

Матуля Крэчмер, паўнагрудая гаспадыня гасцiнiцы родам з Баварыi, па-сяброўску яму кiўнула:

- Гер капiтан Рыу. Я душа рата. Патаць фам фсё, як звышайна?

- Ага, калi ласка, мадам Крэчмер.

Ён прайшоў у пакой за барам. У рэстаране, вялiкiм, людным i шумным, сядзелi камандзiры караблёў, якiя прызямлiлiся ўжо некалькi дзён назад i паспелi зусiм акрыяць. А пакойчык ззаду быў гуканепранiкальны, у заваленых падушкамi шэзлонгах распасцерлiся ў паўзабыццi яшчэ тры гэтакiя ж, як i ён, капiтаны. Ён з iмi не загаварыў. I яны з iм не павiталiся, мабыць, нават не заўважылi яго прыходу. Яны ўжо стукалiся ў дзверы раю.

Неўзабаве матуля Крэчмер прынесла яму шклянку чыстага моцнага рому, крыху падагрэтага i прыпраўленага некалькiмi кроплямi алею з карыцы. Жуль Рыу адкiнуўся ў шэзлонгу, прымасцiўся зручней i аддаўся доўгачаканаму спакою.

Ад прыпраўленага рому ўнутры разлiлося цяпло i трошкi кружылася галава. Цiшыня стулiла яму павекi. Павольна, вельмi павольна ён аддалiўся ад свае непамернай стомы i ўвайшоў у той, iншы свет.

Шыракатварыя румяныя сялянкi ў карункавых каптурыках, у руках кашолкi. Доўгiя бляхi слiзгацяць па духмяным хваёвым попеле i выплываюць з печы, нагружаныя хлебам - доўгiмi, пляскатымi, фiгурнымi, плеценымi выпечкамi.



9 из 10