
- Дазваляю.
Або сярод неспакойнага чуйнага сну хтосьцi рашуча трасе яго за плячо:
- Прашу прабачэння, капiтан. У дзесятай i адзiнаццатай дзюзах раскалолася пракладка. Прашу дазволу адключыць энергiю на дзве гадзiны, пакуль будзе праводзiцца рамонт.
- Дазваляю. Няхай дзяжурны штурман паведамiць мне пра каардынаты, як толькi здолее весцi далей палёт.
Праз дзве гадзiны зноў тармосяць за плячо:
- Прашу дараваць за турботы, капiтан. Рамонт закончаны. Вось нашы каардынаты.
Пытаннi.
Запаўненне бланкаў.
Просьбы, даклады, запатрабаваннi, здарэннi, рашэннi, адказы, распараджэннi, загады. Нi хвiлiны спакою.
I зноў паперы.
- Прашу прабачэння, капiтан. Двое пасажыраў, Уiльям Арчэр i Мэрыён Уайт, хочуць пажанiцца i аформiць шлюб. Калi вам будзе зручна правесцi абрад.
- Медыцынскi агляд прайшлi?
- Прайшлi, капiтан.
- Пярсцёнак у жанiха ёсць?
- Няма, капiтан.
- Даведайцеся дакладны памер i выдайце яму пярсцёнак з карабельных запасаў па звычайнай цане - дваццаць даляраў.
- А калi будзе абрад, капiтан?
- У чатыры склянкi. Паведамiце мне, цi задавальняе iх гэты час.
I зноў паперы. Два пасведчаннi аб нараджэннi i iх копii, два пасведчаннi аб эмiграцыi, дзве медыцынскiя даведкi, два дазволы на ўезд. Пасведчаннi аб шлюбе ў трох экземплярах - для ўрада Зямлi, для ўрада Сiрыуса i для Ўлiковага аддзела Кiраўнiцтва касмiчнай службы. I адзiн арыгiнальны экземпляр для маладой.
I гэтак без канца, усе справы, якiя толькi можна ўявiць, вялiкiя i малыя, у любы час дня i ночы, без усякага перадыху. Калi карабель пасля доўгага палёту нарэшце прызямляўся, адзiн толькi капiтан спускаўся ўнiз па трапе няўпэўненымi крокамi, галава ў яго кружылася ад пастаяннага нервовага напружання i недасыпання, i гэта нiкога не здзiўляла, як быццам так i трэба. Часам яго адольвала спакуса падаць рапарт з просьбай панiзiць яго ў чыне, але ж...
