Нямала людзей намнога саступаюць яму i вонкава i духоўна, але пры гэтым нейкая беспамылковая iнтуiцыя падказвае iм, як сябе паводзiць, што дзе сказаць... Такi чалавек у любы момант адчувае сябе нiбы рука ў зручнай пальчатцы. Нахабнасць, хамства, непрыкрыты эгаiзм - усё яму даруецца. Затое прыгожаму, вытанчанаму, чуламу Сержу з яго прыемным мяккiм нiзкiм голасам i дагледжанымi рукамi - менавiта яму не даравалi нiякай памылкi. I было гэта з прычыны яго вечнай няўпэўненасцi ў сабе. Дастаткова было каму-небудзь адпусцiць у яго бок iранiчную рэплiку альбо жанчыне зашаптаць сяброўцы на вуха, паглядаючы пры гэтым на Сержа, каб ён разгубiўся, зрабiўся нудны, пануры i ў рэшце рэшт змоўк зусiм падчас ледзьве не са слязьмi ў вачах. (Мабыць, поўнае раўнадушша да людзей i да iх поглядаў - гэта i ёсць сакрэт поспеху памянутых мною генiяў адаптацыi?..)

Серж даволi часта ўлюбляўся, i многiя ахвотна прызначалi яму сустрэчу, але хутка расчароўвалiся, бо мой рамантычны сябра ўжо лiчыў выбраннiцу незвычайным стварэннем, сваiм другiм "я" i абрушваў на яе ўсе свае перажываннi i выпакутаваныя думкi. Убачыўшы, аднак, што цудоўная дама становiцца ўсё больш халодная, мой сябар пачынаў дапякаць ёй настолькi палкiмi i патрабавальнымi прызнаннямi, што ўмомант адпужваў яе канчаткова. (Ён быў адзiны сын, яго бацькi выязджалi ў доўгiя камандзiроўкi, i Серж з малалецтва заставаўся пад наглядам старэнькай бязвольнай бабулi, сам-насам з велiзарнай бiблiятэкай.)

Увогуле, я ад душы радаваўся за Сержа калi мне ўдалося звесцi яго з Iрынай. (Даўняй студэнцкай парою мой раман з ёю быў не вельмi ўдалы: яна ўладалюб i я таксама...) Iра разумная, эрудзiраваная, энергiчная. Была замужам i разышлася не з нейкай трывiяльнай прычыны накшталт мужавага п'янства, а "з-за неаднолькавасцi перакананняў". Чакае свайго прынца, аднак настолькi цвярозая ў штодзённым жыццi, што разумее: хутчэй за ўсё прынца давядзецца ляпiць самой з каго-небудзь, патэнцыяльна здольнага на гэтую ролю.



2 из 19