
Серж ёй падышоў. Яны не толькi вытрымалi амаль штодзённыя сустрэчы паўгода, але нават памянялi свае аднапакаёвыя кватэры на двухпакаёвую. Iра канчаткова дабiла майго сябра тым, што адзелася для рэгiстрацыi шлюбу ў чорнае велюравае плацце.
Ён металафiзiк, я археолаг. Нас аб'ядноўвае прыхiльнасць да ўсяго ўзвышанага i адцягненага. Зрэшты, калi высокавугляродзiстыя сталi i гексанiтавы абразiў мне ўвогуле недаступныя, дык Сержа мне ўдалося заразiць археалогiяй, цi бо не столькi самой навукай, колькi тым духам амаль казачных культур, якi робiць свяшчэннадзействам нашу кратовую работу.
...Далiбог, мне самому нiколi не ўяўляўся галоўнай задачай нудны, абстрактны аналiз: як, скажам, змянiлася дзяржальна баявой сякеры за пяцьсот гадоў. Не - кожная культура выклiкала да жыцця яскравы пачуццёвы вобраз. Менавiта ажыўленне вобразнай сутнасцi мiнулага было мне даражэйшае за ўсё. Хiба археалогiя толькi ўпарадкоўвае, хiба не ўваскрашае?!
...Страшная, дамавiнная цесната празмерных каменных мас. Скучаныя зверагаловыя монстры i сярод iх - смуглы хлопчык з тонкай шыяй i вялiкiмi вачыма, наiўны i паважаны, у золаце, з накладной барадой - забаўка хiтрых старых. Золата, спякота, духмянасць, ад якой чмурэеш, манатонны гук струны гэта Эгiпет. Сцены з размаляваных чарапоў, пыл на падстрыжанай траве свяшчэннага стадыёна, сонца i рэзкi цень пiрамiды, званочкi на шыях брудных ламаў. Быць сёння крывi. Жорсткiя i скрытныя дзецi - ацтэкi... Адпачнём на ўзбочыне дарогi пад мелавым схiлам, над бiрузовым шчытом мора. Разломiм наздраваты праснак, пакладзём на яго жоўты сыр... Вып'ем аскомiстага вiна, спачатку ўзлiўшы Хмараганiцелю. Элада...
Усё ж такi я - ускосны вiноўнiк прапажы сябра. Чытаючы на стэндзе вышуку спiс Сержавых прыкмет, я дайшоў да вопраткi. Джынсы старыя, гiмнасцёрка вайсковая, акуляры цёмныя сонцаахоўныя, сумка сiняя на рэменi цераз плячо, з надпiсам "Аэрафлот". Я адчуў на iмгненне непрытомнасць. Значыць, Серж адправiўся ў поле, i можна ўпэўнена сказаць куды.
