Вядома ж, гэты маршрут упершыню паказаў iм я ў леташнiм чэрвенi. Не так ужо i далёка ад Горада: гадзiну з нечым на рэйсавым аўтобусе да апошняга прыпынку - маленечкага сельмага пасярод запыленай плошчы. Потым прасёлкам направа, па плацiне цераз возера, дзе ў цесным чароце стракатыя дзiкiя качкi дружаць з белымi свойскiмi. Ад плацiны - звiлiстай лясной дарогай...

...Калi выйшлi з лесу, у Iрыны i Сержа, хоць i падрыхтаваных маiм расказам, на хвiлiну перахапiла дыханне, а потым яны навыперадкi сталi захапляцца. Уздымаючы хрыбет на вышыню двухпавярховага дома, бурым тлустым драконам ляжаў сярод поля старажытны абаронны вал. Справа ён хаваўся ў сасновым бары, затое налева адыходзiў, як ахапiць вокам, па мiрным лёгкiм жыце. Каляiна, па якой мы прайшлi лес, цяснiнай прарэзвала вал.

Так, калiсьцi ў гэтым цiхiм, зялёным, хлебным краi, дзе патрыярхальна стракочуць трактары i ляжаць у цянi вала пярэстыя сонныя каровы, - калiсьцi ў гэтым краi кiпела вялiкая работа. Нашыя з вамi прашчуры, суровыя, гаспадарлiвыя, забабонныя славяне, ставiлi бар'ер перад драпежным, вераломным стэпам. Увесну рылi i цягалi зямлю; пабудаваўшы насып, часалi вострыя калы на агароджу па хрыбце, ставiлi вартаўнiчыя вежы. Потым колькi хочаш маглi налятаць стэпавiкi на каратканогiх кудлатых конiках, раўцi нялюдска, круцiць над галавой арканамi. За глыбокiм ровам, за крутым бокам дракона, на якi вершнiк не ўзбярэцца, а пешага сустрэнуць гартаванай стралой, гэтаксама, як сёння, цiха-мiрна каласiлася i выходзiла ў трубку жыта. Дымамi зямлянак курылiся гарадзiшчы. Жанчыны даiлi ўсё тых жа гнядых ды плямiстых, ганчары выраблялi ляпныя паяскi на вазах (так, у iх былi i вазы!), а кавалi па золаце набiвалi руку на фiбулах для плашчоў. Як доўга i добра жыла краiна за вялiкiм валам, сведчыць чорная, жоўтая, чырвоная керамiка. Мiрыяды асколкаў, якiя штолета выгортваюцца плугамi i вымываюцца дажджамi на раллю. Нават капаць не трэба.



4 из 19