
- А ты ведаеш, што табе паставяць? - шапнуў ён, косячыся, цi не чуе Раiса Фёдараўна.
Косцiк раскрыў рот, хацеў, вiдаць, сказаць, што не сумняваецца. Але ён быў сумленны хлопец i таму завагаўся.
Слава заўважыў на яго твары разгубленасць, пераможна паглядзеў i сказаў:
- Бачыш...
I тут настаўнiца, нарэшце, зрабiла выбар. Выклiкала Косцю.
Манцэвiч нешта пiсаў на дошцы. Што - Слава не бачыў I не чуў. Як i нядаўна, ён зноў убачыў сябе ля дошкi. Быццам рашае i нiяк не можа рашыць задачу, i крэйда крышыцца, абсыпаецца на падлогу, пэцкае пальцы. Слава нават пацёр пальцы аб калена, каб ачысцiць iх ад крэйды, i... на штанах засталiся белыя плямкi. Слава пакруцiў галавой, адганяючы прывiд. Плямкi прапалi.
- Селiвонiк!
"Дачакаўся! - мiльганула думка, i ён пакорлiва пайшоў да дошкi. - Але ўсё роўна штаны не запэцкаю!" - з незразумелай для сябе ўпартасцю рашыў ён.
А далей было, як у сне. Ён стаяў, вада не хацела цячы з тых злашчасных труб, крышылася крэйда, сыпалася на падлогу...
- Ай, Селiвонiк, ай, Селiвонiк, - папракнула настаўнiца, - не вучыш i на ўроках размаўляеш...
Яна гаварыла нешта яшчэ. Слава не слухаў. Ён, як зачараваны, глядзеў на калена, дзе красавалiся тры белыя плямкi ад брудных пальцаў. I тады прыгадалася: сцэна, якую ён уяўляў, i сцэна, якая адбылася з iм на самой справе, былi зусiм аднолькавыя. Нават палоскi, хаця ён не збiраўся iх рабiць, былi такiя ж.
Раз-пораз паглядаючы на плямкi-палоскi, Слава ўздыхаў: ён бязвольны, нiкчэмны чалавек. А што будзе, калi яго напаткае сапраўднае выпрабаванне? Потым падумалася, што нiякiх такiх выпрабаванняў у яго на блiжэйшы час не прадбачыцца, i Слава павесялеў. Усе гэтыя клопаты - дробязь. Падумаеш задача! Ён, калi захоча, рашыць яе сёння... або заўтра.
На вялiкiм перапынку Слава першым выбег з класа. На гэтым перапынку меўся адбыцца iх матч з шостым "а". Слава ж цэнтр нападзення.
