
- Давай пройдземся, вунь да таго акна, - чалавек паказаў на другi канец калiдора i паклаў на Славiна плячо руку. - Ты хто?
- Слава Селiвонiк, - адкрыты ласкавы позiрк чалавека спадабаўся яму, выклiкаў давер.
- А я - Павел Iванавiч. Вось i пазнаёмiлiся. Так? То што ў цябе за бяда, Славiк?
У Славы аж перахапiла горла. Ну, канешне ж, ён ведае гэтага чалавека. Колькi разоў бачыў яго партрэты ў газетах, часопiсах, па тэлевiзары. Як гэта ён не пазнаў адразу!
Гушча глядзеў на яго, пасмiхаўся, i вясёлыя промнiкi-маршчынкi ва ўсе бакi разбеглiся ад яго вачэй. Потым Павел Iванавiч пасур'ёзнеў i сказаў:
- Калi гэта тайна, я прашу прабачэння.
Ад роспачы, што гэты чалавек возьме зараз i пойдзе, у Славы на вачах выступiлi слёзы. Ён ледзь не крыкнуў:
- Не, не...
- Ты, напэўна, хочаш стаць касманаўтам?
Слава толькi матнуў галавой, баючыся словамi парушыць сваё шчасце.
- Усё залежыць ад цябе... - пачаў быў Гушча, але запнуўся i спытаў: Не ўсё, так?
- Ага, - выдавiў з сябе Слава i раптам адчуў палёгку: з гэтым чалавекам не трэба таiцца. - Я стаў бы касманаўтам. Але я... прадбачу.
Павел Iванавiч, нiбы яму было ўсё зразумелым, згодна кiўнуў галавой i папрасiў:
- Калi ласка, падрабязней.
На iмгненне Славу зноў ахапiў адчай: раптам Гушча не зразумее. Аднак вагаўся нядоўга. Павел Iванавiч не абы-хто, касманаўт, ён усё зразумее. I пачаў расказваць, баючыся аднаго, каб раптам не зазвiнеў званок i не перашкодзiў iм.
Гушча слухаў уважлiва, сур'ёзна. Калi Слава скончыў, нейкi час задумлiва маўчаў. Потым спытаў:
- Прадбачаннi бываюць толькi кепскiя?
- Успамiнаць боязна.
- Хочаш iх пазбавiцца?
- Вельмi...
- Так, так, - заклапочана прамовiў Павел Iванавiч. - Якi ў вас наступны ўрок?
