
На жаль, не памылiўся. Выключылi, аднагалосна. Што-што, а глядзець наперад ён, аказваецца, умеў. I тут, упершыню, Слава спалохаўся гэтага свайго ўмення. Ён зрабiўся маўклiвым, асцярожным. Клiчуць хлопцы на футбол, а ён выдумляе якую-небудзь прычыну, каб адмовiцца, бо лепш не пайсцi зусiм, чым загадзя ведаць, калi ты па варотах прамажаш. Не вывучыць урок - з класа збяжыць. Каб не папасцi ў аварыю - у аўтобус не сядзе...
I Косцiк, i астатнiя сябры спачатку пыталiся, што з iм. Ён адмоўчваўся. Як ты iм скажаш, калi i сам не надта разумееш, што гэта i адкуль узялося, калi нiякiх доказаў не маеш. Ну, i пайшла пра Славу пагалоска як пра чалавека несучаснага, няўстойлiвага. Слава нават пачаў чакаць, што яго неўзабаве на савет атрада паклiчуць, каб там справаздачу трымаў. Адным словам, жыццё пайшло туды-сюды, i ён скарыўся гэтаму. З заняткаў, каб не папасцi ў якую бяду, спяшаўся дадому i зачыняўся ў сваiм пакоi.
Афiшу, якая абвяшчала, што ў школу прыедзе касманаўт Павел Iванавiч Гушча, Слава прачытаў яшчэ ранiцай. На перапынку, калi ўсе вучнi былi на двары, ён зноў падышоў да аб'явы. Яму вельмi хацелася пабыць на сустрэчы з чалавекам, якi першы з людзей ступiў на Марс, калi ўдасца, пагаварыць нават з iм, параiцца. Бо аб космасе Слава марыў ледзь не з першага класа, хацеў, як вырасце, стаць касманаўтам. Яшчэ нядаўна ён быў упэўнены, што стане. А цяпер ужо - не. Што з таго, калi ён нават i пагаворыць з Гушчам? Варта таму толькi папытаць, як Слава вучыцца, як паводзiць сябе, цi добры ён сябар, i адразу ўсё скончыцца. Каму патрэбны двоечнiкi i недысцыплiкаваныя? Слава, як наяве, прадставiў сабе вынiк магчымай размовы з касманаўтам i адвярнуўся ад афiшы.
- Ты што такi засмучаны? - пачуў ён збоку чыйсьцi цiхi голас.
Слава падумаў, што гэта зноў ягонае славутае прадбачанне напамiнае аб сабе, i не адказаў.
- А ўсё-такi? - не адставаў голас.
Слава на ўсякi выпадак скасiў вочы. Побач стаяў незнаёмы чалавек i ўважлiва глядзеў на яго. Слава рашыў, што гэта нехта з бацькоў, i пацiснуў плячамi.
