Абдулаева Сахиба

Панаванне жанчын (на белорусском языке)

Сахiба Абдулаева

Панаванне жанчын

Пераклад: Павел Марцiновiч

Выехаўшы за межы горада, машына прыбавiла хуткасць. Сакавiтая зелень палiўных палёў, чаргуючыся з жаўцiзной палос выпаленай сонцам травы, iмклiва праносiлася мiма i, быццам знiкаючы з жыцця, заставалася дзесьцi далёка ззаду.

Горы з вяршынямi, ахутанымi смугой, з рэзкiмi белымi кляксамi ледавiкоў, прысунулiся. I ў наблiжэннi гэтым было абяцанне доўгачаканай прахалоды.

- Паветра якое! Што за паветра!

- Праўда, - пацвердзiў Сарвар, заклапочана зiрнуўшы на нашага сына, якi стомлена заснуў на маiх руках.

- Дзядзька, напэўна, зачакаўся, - сказаў Фатых. - Хутка прыедзем, вось тады зразумееце, што такое сапраўднае горнае паветра!

Сарвар зноў паглядзеў на нас з сынам, збавiў хуткасць, сказаў нягучна:

- Давайце перадыхнём, бо ўжо дзве гадзiны ў дарозе.

Я ўдзячна ўсмiхнулася яму. Малы сапраўды стамiўся. Але калi Сарвар спынiў машыну на абочыне дарогi, ён расплюшчыў вочы, працягнуў да мяне рукi. Я выйшла з машыны, агледзелася i пагладзiла сына па худых шчоках:

- Глядзi, Джамшыд, як прыгожа?

Ля карэння старой алычы весела цурчала крынiца, падаючы на каменне з вузкай расколiны ў сцяне. Сонца, прабiваючыся праз вадзяны пыл, павесiла над ёй няяркую вясёлку. У вачах малога з'явiўся бляск, губы заўсмiхалiся.

Калi мужчыны напiлiся, я ўзяла ў iх пiялу, напоўнiла яе i, адпiўшы глыток ледзяной вады, прапанавала сыну. Ён прагна прыпаў да гаючай вiльгацi.

- Хопiць, Шахноза, вада вельмi халодная, каб не прастыў малы, - клапатлiва вымавiў Сарвар. - Пахадзi трошкi, разамнiся, зараз паедзем далей.

У дарогу мы рушылi хвiлiн праз дзесяць.

Седзячы на заднiм сядзеннi i прыцiскаючы да сябе схуднелае цельца Джамшыда, я гледзела ў акно, аднак нiчога вакол не заўважала - мне не верылася, што яшчэ ўчора мы з сынам знаходзiлiся ў душнай, распаленай ад гарачынi бальнiчнай палаце.



1 из 12