- Цяпер разумееш, навошта я тут? - закончыла Лiелаш свой расказ, памаўчала, паглядзела пiльна. - Я даўно за табой назiрала. Запiсы, зробленыя мною ў бальнiцы, унiкальныя. Ты вельмi востра адчуваеш, Шахноза... Я не хацела ўваходзiць з табой у кантакт, але прыйшлося адкрыцца...

Я адно кiўнула, бо не ведала, што ёй сказаць.

- Мне пара, - вымавiла Лiелаш i знiкла.

Наступнага дня, вярнуўшыся з двара, я зайшла ў пакой i непрыемна здзiвiлася. У крэсле сядзела Лiелаш i назiрала, як Джамшыд забаўляецца нейкай рознакаляровай скрыначкай. Убачыўшы мяне, Лiелаш забрала яе ў малога:

- Прыбор не зробiць яму шкоды. Я запiсвала некаторыя параметры псiхаполя дзiцяцi.

- Мне трэба пакармiць сына, - суха сказала я.

- Вядома, вядома... Я зайду пазней... Не пярэчыш?

Калi б я магла пярэчыць!

З той пары кожны вечар мы праводзiлi разам. Спачатку я баялася, што Джамшыд заўважыць няпрошаную госцю, але пераканалася, што Лiелаш можа стаць нябачнай у любы момант. Неяк яна паспрабавала растлумачыць мне механiзм нябачнасцi, але я нiчога не зразумела.

Джамшыд мяне радаваў. Ён прыкметна пасвяжэў, паправiўся, хоць i быў яшчэ вельмi слабы. Лiелаш назiрала за нашым няхiтрым iснаваннем. Я не магла зразумець выраз яе вачэй, калi яна пазiрала на дзiця. Часам здавалася, што яна грэбуе iм, як нейкiм жабянём, стараецца не дакранацца да яго. Аднойчы я спыталася яе пра гэта. Ад адказу яна ўхiлiлася.

Некалькi разоў Лiелаш брала ў мяне кроў - гэта рабiлася зусiм бязбольна, яна запiсвала мае адчуваннi - адчуваннi маладой маткi. Мы многа размаўлялi з ёю. Жанчыны Астры сталiся мне больш зразумелыя i блiжэйшыя, хоць шмат з чым у iх поглядах на жыццё я не магла згадзiцца. Лiелаш таксама прывыкла да нас - не адхоплiвала руку, калi да яе дакранаўся Джамшыд. А ён, на маё здзiўленне, зусiм не баяўся яе. Знiк i мой страх перад ёю. Побач з Лiелаш я чулася больш бяспечна, упэўнена.



10 из 12