
- Я пастаўлю пытанне на абмеркаванне савета, - павольна прамовiў Ёал, але, мне здаецца, адказ не выклiкае сумненняў. Мы абавязаны ведаць прычыну гэтай катастрофы. - Ён апiсаў няпэўны паўкруг адным з сваiх шчупальцаў i як бы сам сабе дадаў:- Зразумела, дзейнiчаць трэба асцярожна, пачынаючы з сама раннiх ступеняў эвалюцыi. Адсутнасць дзiцячых шкiлетаў паказвае, што гэтыя iстоты, вiдаць, дасягнулi iндывiдуальнага бяссмерця.
Савет сабраўся на агляд экспанатаў. Iнэш ведаў - гэта пустая фармальнасць. Рашэнне прынята - яны будуць ажыўляць. Апроч усяго iншага, яны былi заiнтрыгаваныя. Сусвет бязмежны, палёты праз космас доўгiя i нудныя, таму, спускаючыся на невядомыя планеты, яны заўсёды з хваляваннем чакалi сустрэчы з новымi формамi жыцця, якiя можна ўбачыць на свае вочы, вывучыць.
Музей быў падобны на ўсе музеi. Высокiя скляпенiстыя столi, прасторныя залы. Пластмасавыя фiгуры дзiўных звяроў, мноства прадметаў - iх было занадта многа, каб усе агледзець i зразумець за такi кароткi час. Эвалюцыя невядомай расы была пададзена паслядоўнымi групамi рэлiквiй. Iнэш разам з усiмi прайшоў па залах. Ён з палёгкай уздыхнуў, калi яны нарэшце дабралiся да рада шкiлетаў i мумiй. Схаваўшыся за сiлавым экранам, назiраў, як спецыялiсты-бiёлагi дастаюць мумiю з каменнага саркафага. Цела мумii было перабiнтавана палосамi матэрыi ў некалькi столак, але бiёлагi не сталi раскручваць сатлелую тканiну. Рассунуўшы яе, яны, як звычайна рабiлася ў такiх выпадках, узялi пiнцэтам толькi абломак чарапной каробкi. Для ажыўлення прыдаецца любая частка шкiлета, аднак найлепшыя вынiкi, сама дасканалую рэканструкцыю даюць некаторыя ўчасткi чэрапа.
Галоўны бiёлаг Хамар растлумачыў, чаму яны выбралi менавiта гэтую мумiю:
- Для захавання цела яны скарысталi хiмiчныя рэчывы, якiя сведчаць пра зародкавы стан хiмii. Разьба ж на саркафагу гаворыць пра прымiтыўную цывiлiзацыю, незнаёмую з машынамi.
