На гэтай стадыi патэнцыяльныя магчымасцi нервовай сiстэмы наўрад цi былi асаблiва развiтыя. Нашы спецыялiсты па мовах прааналiзавалi запiсы гаворачых машын, устаноўленых ва ўсiх раздзелах музея, i, хоць моў аказалася вельмi многа - тут ёсць запiс гутарковай мовы нават той эпохi, калi гэтая iстота была жывая, - яны без цяжкасцi расшыфравалi ўсе паняццi. Цяпер унiверсальны перакладнiк настроены iмi так, што перакладзе любое наша пытанне на мову ажыўленай iстоты. Тое самае, зразумела, i з адваротным перакладам. Але, выбачайце, я бачу, першае цела ўжо падрыхтавана!

Iнэш разам з астатнiмi сябрамi савета пiльна сачыў за бiёлагамi: тыя замацавалi клямарамi вечка ўваскрашальнiка, i працэс пластычнага аднаўлення пачаўся. Ён адчуў, як усё ўсярэдзiне ў яго напружылася. Ён ведаў, што зараз адбудзецца. Ведаў напэўна. Пройдзе некалькi хвiлiн, i старажытны жыхар гэтай планеты падымецца з уваскрашальнiка i стане перад iмi твар у твар. Навуковы метад уваскрашэння просты i безадмоўны.

Жыццё ўзнiкае з процьмы бясконца малых велiчынь, на мяжы, дзе ўсё пачынаецца i ўсё канчаецца, на мяжы жыцця i нежыцця, у той цьмянай вобласцi, дзе вiбравальная матэрыя лёгка пераходзiць з старога стану ў новы, з арганiчнай у неарганiчную i назад. Электроны не бываюць жывымi або нежывымi, атамы нiчога не ведаюць пра адушаўлёнасць або неадушаўлёнасць. Але калi атамы злучаюцца ў малекулы, на гэтай стадыi дастаткова аднаго кроку, сама малога кроку да жыцця, калi толькi жыццю суджана зарадзiцца. Адзiн крок, а за iм цемра. Або жыццё.

Камень або жывая клетка. Крупiнка золата або травiнка. Марскi пясок або такiя самыя незлiчоныя малюсенькiя жывыя iстоты, што насяляюць бяздонныя глыбiнi рыбiнага царства. Рознiца памiж iмi ўзнiкае ў цьмянай вобласцi зараджэння матэрыi. Там кожная жывая клетка набывае ўласцiвую ёй форму. Калi ў краба адарваць нагу, замест яе вырасце такая самая новая. Чарвяк выцягваецца i хутка падзяляецца на двух чарвякоў, на дзве аднолькавыя страўнiкавыя сiстэмы, такiя самыя пражорлiвыя, дасканалыя i анi не сапсаваныя гэтым падзелам. Кожная клетка можа ператварыцца ў цэлую iстоту. Кожная клетка "памятае" гэтае цэлае ў такiх найдрабнейшых падрабязнасцях, што для iх апiсання проста не хопiць сiлы.



3 из 21