Капiтан Горсiд запытальна паглядзеў на Ёала.

Цi варта працягваць?

Ёал, счакаўшы, адказаў:

- Пачакайце, гэта цiкава.

Потым зноў звярнуўся да ўваскрэшанага:

- Як бы ты рэагаваў, калi б я табе сказаў, што мы прыляцелi з iншай зоркi?

Чалавек утаропiўся на яго. Ён быў яўна зацiкаўлены, але страх аказаўся мацнейшы.

- Паслухайце, - сказаў ён. - Я ехаў па сваiх справах. Дапусцiм, я кульнуў пару лiшнiх чарак, але ва ўсiм вiнавата гэтае паскудства, якiм цяпер гандлююць. Клянуся, я не бачыў другой машыны, i, калi гэта новы спосаб караць тых, хто п'е за рулём, я здаюся. Ваша ўзяла. Клянуся, да канца сваiх дзён болей не вып'ю нi кроплi, толькi адпусцiце мяне.

- Ён водзiць "машыну", але ён пра яе зусiм не думае, - прамовiў Ёал. Нiякiх такiх "машын" мы не бачылi. Яны не паклапацiлiся захаваць iх у сваiм музеi.

Iнэш заўважыў, што ўсе чакаюць, калi хто-небудзь яшчэ задасць пытанне. Адчуў, што, калi ён сам не загаворыць, кола маўчання замкнецца. Iнэш сказаў:

- Папрасiце яго апiсаць "машыну". Як яна дзейнiчае?

- Вось гэта iншая справа! - узрадаваўся чалавек. - Скажыце, куды вы хiлiце, i я адкажу на любое пытанне. Я магу нарэзацца так, што ў вачах задваiцца, але ўсё роўна машыну павяду. Як яна робiць? Проста. Уключаеш старцёр i нагой даеш газ...

- Газ, - умяшаўся тэхнiк-лейтэнант Вiiд. - Матор унутранага згарання. Усё ясна.

Капiтан Горсiд падаў знак ахоўнiку з прамянёвай стрэльбай.

Трэцi чалавек сеў i нейкi час уважлiва глядзеў на iх.

- З зорак? - нарэшце папытаўся ён. - У вас ёсць сiстэма цi вы трапiлi да нас чыста выпадкова?

Гэнейскiя саветнiкi, што сабралiся пад купалам залы, наёмка закруцiлiся ў сваiх гнуткiх крэслах. Iнэш сустрэўся вачыма з Ёалам. Гiсторык быў моцна ўзрушаны, i гэта ўстрывожыла метэаролага. Ён падумаў: "Двухногiя пачвары валодаюць ненармальна хуткай прыстасавальнасцю да новых умоў i занадта вострым пачуццём рэчаiснасцi. Нiводзiн гэнеец не можа дараўняцца да яго ў хуткасцi рэакцый".



5 из 21