Буль Пьер

Планета малпаў (на белорусском языке)

П'ер Буль

Планета малпаў

Пераклад: Алесь Асташонак

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

Раздзел I

Джын i Фiлiс бавiлi час, вандруючы ў космасе ўдалечынi ад населеных сусветаў.

Мiжпланетныя вандроўкi сталi ўжо звычайнай справай, дый мiжзорныя пералёты не лiчылiся сенсацыйнымi. Зоркалёты рэгулярных лiнiй дастаўлялi турыстаў у казачныя гарады Сiрыуса, а фiнансавых тузоў - на знакамiтыя бiржы Арктура i Альдэбарана*.

* Сiрыус, Арктур, Альдэбаран - найярчэйшыя зоркi ў сузор'ях Вялiкага Пса, Валапаса, Цяльца.

Але Джын i Фiлiс, гэтая пара нiчым не занятых дзетак мультымiльянераў, былi вядомыя сваёй эксцэнтрычнасцю i схiльнасцю да рамантыкi. Шукаючы задавальнення, яны падарожнiчалi ў бязмежнай прасторы пад ветразямi.

Iх касмiчная яхта ўяўляла сабою нешта накшталт сферы, знешняя абалонка якой - незвычайна тонкi i лёгкi ветразь - надзiмалася пад уздзеяннем светлавых промняў. Калi б гэты мiнi-карабель застаўся без кiравання непадалёк ад якойсьцi зоркi - аднак на дастатковай ад яе адлегласцi, там, дзе сiла прыцягнення не надта вялiкая, - ён бы памкнуўся назад ад гэтай зоркi па прамой лiнii. Але зорная сiстэма, жыхарамi якой былi Джын i Фiлiс, мела не адно, а ажно тры сонцы, даволi блiзка адно ад аднаго, таму сонечныя вятры ў ёй дзьмулi з трох бакоў пад рознымi вугламi. I вось Джын прыдумаў сапраўды дзiўны спосаб перамяшчэння. На сферычным ветразi яго карабля было мноства чорных шторак, якiя згортвалiся цi разгортвалiся ў залежнасцi ад жадання рулявога - пры кожным яго манеўры мянялася здольнасць адбiцця, а адначасова з ёю i накiрунак раўнадзейных сiл светлавых патокаў. Апроч таго, эластычная сфера-ветразь магла расцягвацца або скарачацца, i калi Джын хацеў паскорыць ход, ён павялiчваў дыяметр абалонкi да максiмуму - тады велiзарная плошча ветразя надзiмалася пад нацiскам светлавых патокаў, i яхта iмклiва ляцела ў неабсяжнасць з фантастычнай хуткасцю, ад якой у Джына i яго сяброўкi кружылася галава; захопленыя палётам, яны абдымалiся i замiралi, гледзячы ў таемную бездань бязмежных абсягаў, што неслiся насустрач iм.



1 из 145