Калi ж Джын хацеў запаволiць ход, то нацiскаў другую кнопку. Сферычны ветразь сцiскаўся настолькi, што ў кабiне можна было сядзець, толькi шчыльна прыцiснуўшыся адно да аднаго. Цiск светлавых промняў амаль не ўплываў на малюпасенькi шар, i, вольны ў сваiм руху, ён быццам павiсаў у пустэчы на нябачнай нiтцы. Маладую пару забiрала салодкае ап'яненне, i яны бавiлi доўгiя гадзiны ў сваiм цесным, створаным толькi для iх маленечкiм свеце, якi Джын параўноўваў з паруснiкам у неабсяжным акiяне, а Фiлiс - з бурбалкай на павуцiнцы вадзянога павука.

Джын выдатна выконваў i iншыя манеўры, нават такiя, што лiчылiся ў касмiчных яхтсменаў найскладанейшымi, напрыклад, паварот оверштаг* з выкарыстаннем ценю ад планеты цi якогасьцi спадарожнiка.

* Оверштаг (гал. overstag) - паварот судна з ветразямi носам да сустрэчнага ветру.

Ён вучыў свайму майстэрству i Фiлiс, i неўзабаве тая магла ўжо кiраваць яхтай не горш за яго, нават была смялейшая. Але варта было ёй узяць у рукi руль, як, захапiўшыся, яна выбiрала такi курс, што яхта падыходзiла да самых межаў Сонечнай сiстэмы, а там магнiтныя буры разбуралi светлавыя патокi, i iх карабель пачынала кiдаць, бы арэхавую шкарлупiну. Ужо некалькi разоў Джын, прачнуўшыся ў такую штармавую хвiлiну, ускокваў бы ашпараны i вырываў у сяброўкi руль. Iншы раз, каб дабрацца да блiжэйшага порта, яму нават прыходзiлася ўключаць дадатковыя ракеты, прадугледжаныя на выпадак крайняй небяспекi.

У той дзень Фiлiс i Джын бесклапотна ляжалi побач у яхце i загаралi пад промнямi трох сонцаў iх роднай сiстэмы. Джын драмаў i думаў пра Фiлiс i пра сваё да яе каханне. Фiлiс глядзела ў неабдымны космас, загiпнатызаваная бясконцасцю пустэчы. Гэта быў адзiн з любiмых яе заняткаў.

Раптам Фiлiс уздрыгнула i прыўзнялася. Недзе наперадзе блiснула дзiўная iскарка.



2 из 145