
Мы выйшлi з катэра разам з Гектарам. Напачатак прафесар Антэль вырашыў яшчэ раз зрабiць аналiз паветра. Вынiк абнадзейваў: састаў паветра зноў быў той самы, што i на Зямлi; хiба што рознiлiся крыху прапорцыi рэдкiх газаў. Аднак мы вырашылi на ўсякi выпадак пачаць праверку паветра на практыцы з шымпанзэ. Калi з Гектара знялi скафандр, ён быў неверагодна шчаслiвы i цудоўна сябе пачуваў. Апынуўшыся на волi, шымпанзэ нiбыта ап'янеў. Зрабiўшы колькi скачкоў, ён кiнуўся ў лес, узляцеў на дрэва i памчаўся далей, пераскокваючы з галiны на галiну. Неўзабаве ён зусiм знiк з нашых вачэй, згубiўшыся ў лiстоце, нягледзячы на ўсе нашы заклiкi.
Тады мы таксама знялi скафандры. Стала, вядома, ямчэй i iсцi i перагаворвацца. Але гукi нашых галасоў, пачутыя натуральнымi, а не трансфармаванымi, як у скафандры, усё-такi збянтэжылi нас; мы баязлiва ступiлi колькi крокаў ля катэра, не асмельваючыся адысцi ад яго.
Але сумненняў у тым, што мы апынулiся на планеце, якая даводзiлася сястрою-двойняю нашай Зямлi, ужо не было. Раслiннасць тут была вельмi пышная: асобныя дрэвы сягалi ў вышыню на сорак метраў i болей. А неўзабаве мы прыкмецiлi i першыя жывыя iстоты: буйныя чорныя птушкi луналi ў небе, бы каршуны, а iншыя, драбнейшыя, вельмi падобныя на папугаяў, з пiскам ганялiся адна за адною.
Яшчэ да пасадкi мы заўважылi прыкметы развiтай цывiлiзацыi. Разумныя iстоты - пакуль што мы не асмельвалiся называць iх, не ўбачыўшы, людзьмi змянiлi аблiчча планеты. Аднак тут, вакол нас, лес здаваўся ненаселеным. Зрэшты, у гэтым не было нiчога дзiўнага: калi б мы выпадкова звалiлiся з неба ў якiм-небудзь закутку азiяцкiх джунгляў, нас бы таксама ўразiла некранутасць мясцiн чалавекам.
